13 кастрычніка — у дзень, калі ў 1917 годзе ў партугальскай Фаціме завяршыліся славутыя Марыйныя аб’яўленні — у санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне (Віцебскі дэканат) адбылася ўрачыстасць, якая суправаджалася Ружанцовым набажэнствам.
З гэтай нагоды ў тутэйшай святыні сабраліся пілігрымы з розных парафій Віцебшчны і іншых мясцін Беларусі. Вітаючы ўсіх сабраных на ўрачыстасць, пробашч шумілінскай парафіі ксёндз Анджэй Юхневіч ОМІ сказаў: «Словы Маці Божай з Фацімы не страцілі сваёй актуальнасці і сёння. Прымаем Яе запрашэнне і з яшчэ большай свядомасцю і руплівасцю малітвай Ружанцам просім Бога аб спыненні ўсіх войнаў і канфліктаў на свеце, асабліва ў суседняй Украіне і на Блізкім Усходзе», — заахвоціў удзельнікаў урачыстасці святар.
Урачыстую цэлебрацыю ў санктуарыі ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Іерарх разам з усімі прысутнымі прайшоў у Ружанцовай працэсіі вакол касцёла і прамовіў Божае слова.
У сваёй гаміліі біскуп Буткевіч, нагадаўшы пра значэнне аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, заахвоціў вернікаў да навяртання, руплівай малітвы і пакаяння. Асаблівым чынам пастыр Віцебскай дыяцэзіі звярнуў увагу на каштоўнасць посту, запрасіўшы сабраных нанава адкрыць значэнне і моц гэтай духоўнай практыкі.
Пасля малітвы ксёндз Анджэй Юхневіч ад імя шумілінскіх парафіянаў запрасіў усіх прысутных на супольную Агапу, або пачастунак. Як у часы першых хрысціянаў, удзельнікі ўрачыстасці разам сабраліся на вячэру, што паспрыяла глыбейшаму будаванню братэрскай супольнасці.