7 кастрычніка каталіцкі валанцёрскі праект Imsha.by паведаміў, што колькасць ахопленых сістэмай парафій стала больш за сотню.
Праект Imsha.by займаецца развіццём сістэмы, праз якую можна знайсці актуальны расклад святых Імшаў у розных касцёлах Беларусі.
Як паведамілі арганізатары гэтага ўнікальнага IT-праекта на сваёй старонцы ў Instagram, колькасць парафій у сістэме хутка павялічваецца.
«Пяць гадоў таму, калі пачыналі праект, мы толькі марылі, што ў сістэме можа быць сто парафій.
Тады нават не было „адмінкі“, не было бота і многа чаго яшчэ, а расклад Імшаў нам падавалі мінскія парафіяне праз групу ў Viber, і мы яго кожны тыдзень самі абнаўлялі для кожнай мінскай парафіі і ў паралельна рабілі адмінку і бота, — пішуць арганізатары, якім такая колькасць парафій у сістэме здавалася немагчымай. — Мы жартавалі пра гэта, і нотка скептыцызму, канечне, была ў паветры.
А цяпер ужо настаў момант, калі мы думаем як зрабіць так, каб кожны населены пункт нашай краіны, дзе цэлебруецца Імша быў у сістэме, каб ведаць дакладны расклад Імшаў там. Гэта сапраўды цуд для нас!»
Арганізатары дзякуюць усім, хто ахвяруюе свой час на праект, і запрашаюць новых валанцёраў з розных куткоў Беларусі да стварэння зручнай сістэмы, дзякуючы якой людзі змогуць адшукаць час для сустрэчы з Богам ў Эўхарыстыі.
«Тое, што ёсць ужо цяпер — вынік таго, што прыйшлі людзі ў каманду, далучыліся адкрытыя цудоўныя людзі з розных парафій нашай краіны і святары паверылі нам. Дзякуй, сябры, што зацікавіліся нашым праектам!
Калі ведаеце каго з парафій, то будзем удзячны, калі раскажаце людзям пра Imsha.by пры якой нагодзе!» — пішуць стваральнікі гэтага ўсё больш запатрабаванага ў лічбавую эпоху рэсурса.