Пошук

02.10.2023 17:46   Тэкст: кс. Артур Ляшнеўскі SDB / Фота: з архіву парафіі св. Арханёла МІхала ў Смаргоні / Catholic.by

29 верасня ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні (Гродзенская дыяцэзія) у дзень парафіяльнага адпусту адзначылі 520-годдзе з часу заснавання гэтай супольнасці, дзе нясуць служэнне святары і сёстры з салезіянскага таварыства.

У межах святкавання адбылося пасвячэнне новага эўхарыстычнага алтара ў парафіяльнай святыні. Ранейшы алтар быў знішчаны атэістычнымі ўладамі пасля вайны, таму акт пасвячэння стаў значнай падзеяй у новай гісторыі старадаўняй парафіі.

Алтар — цэнтральнае месца ў кожным касцёле, бо на ім адбываецца Эўхарыстычная ахвяра, падчас якой хлеб і віно пераісточваюцца ў Цела і Кроў Хрыста.

Перад распачаццем святой Імшы сабраныя вернікі прывіталі дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага.

Пасля прывітання іерарх наблізіўся да вежы касцёла, дзе адбылася малітва благаслаўлення новай сістэмы званоў, якую вернікі падаравалі касцёлу на круглую гадавіну.

Узняўшыся на вежу, біскуп Касабуцкі тройчы ўдарыў у звон, які мае імя святога Міхала Арханёла, пасля чаго прысутныя маглі пачуць святочны перазвон касцёльных званоў.

Урачыстая святая Імша распачалася ў святыні ў паўзмроку. Толькі пасля пасвячэння алтара, значэнне якога растлумачыў у прамоўленай гаміліі біскуп Касабуцкі, у касцёле былі запалены ўсе свечкі і жырандолі.

У новы эўхарыстычны алтар, паводле старажытнай касцёльнай традыцыі, біскуп уклаў рэліквіі благаслаўлёнага мучаніка Стэфана Шандора.

Пасля таго, як рэліквіі і капсула з дакументам, які пацвярджае аўтэнтычнасць рэліквій, і актам асвячэння алтара, падпісаным біскупам і пробашчам парафіі, былі ўмураваныя ў алтар, біскуп прамовіў над алтаром малітву і намасціў каменную пліту, так званую мэнсу алтара святым алеем хрызмам. Потым на алтар была пастаўлена кадзільніца, дым з якой сімвалізуе малітвы вернікаў, што ўзносяцца да нябёсаў. Нарэшце алтар быў засланы трыма белымі абрусамі, на якія паставілі свечкі, і ў гэты час касцёл заліло святло.

Акрамя таго, адбылося благаслаўленне дубовай алтарнай панэлі з абразом Найсвяцейшага Сэрца Езуса, намаляваным мастаком Вячаславам Аўгусціновічам, а вернікі прынеслі ў дар харугву ў гонар святога Міхала Арханёла.

На заканчэнне святой Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія па вуліцах горада, на заканчэнне якой сабраныя на касцёльным дзядзінцы вернікі ўзялі ўдзел у благаслаўленні новай фігуры святога Міхала Арханёла, ўсталяванай каля смаргонскай святыні.

Аўтарам скульптуры стаў Вадзім Мацкевіч, які прадставіў Арханёла як пераможнага ваяра Божай любові, што замест зброі трымае ў руцэ харугву-крыж — адзіную зброю вучняў Хрыста.

Абноўлена 02.10.2023 17:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.