Пошук

29.09.2023 18:27   Тэкст: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: кс. Павел Эйсмант / Grodnensis.by

29 верасня ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне адбылася святая Імша пры алтары святога Арханёла Міхала, апекуна Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, ва ўрачыстасць святых Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала цэлебрацыю святой Імшы ў гродзенскай катэдры ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Эўхарыстыі папярэднічаў спеў Гадзінак да святога Арханёла Міхала.

У гаміліі арцыбіскуп закрануў тэму духоўнай барацьбы з праціўнікам нашага збаўлення — сатаной.

Прысутныя маглі ўзгадаць, што Арханёл Міхал не падтрымаў бунт Люцыфера, які паставіў сябе на месца Бога. Святы Міхал з воклічам ‎Quis ut Deus — «Хто ж, калі не Бог» — выступіў супраць Люцыфера і іншых анёлаў, якія ўзбунтаваліся, таму ён — магутная дапамога ў нашым жыцці ў барацьбе за Божае Валадарства.

Варта адзначыць, што арцыбіскуп Кандрусевіч абраў дэвізам свайго біскупскага служэння менавіта словы Quis ut Deus.

На Імшы прысутнічалі ўдзельнікі душпастырства «Рыцарства святога Арханёла Міхала». Пасля гаміліі яны ўрачыста аднавілі свае абяцанні. Тры чалавекі прынеслі абяцанні першы раз, стаўшы новымі ўдзельнікамі душпастырства.

Арханёл Міхал з’яўляецца галоўным заступнікам Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла.

 
Абноўлена 29.09.2023 20:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.