22 верасня трое братоў францішканаў з Беларусі аднавілі манаскія абяцанні ў семінарыі ў Лодзі-Лагеўніках (Польшча).
Пасля пяцідзённых рэкалекцый у цішыні брат Станіслаў Клімза, брат Артур Купчынскі і брат Уладзіслаў Малчан аднавілі манаскія абяцанні на адзін год.
Сёння ў францішканскай семінарыі ў Лодзі-Лагеўніках вучацца браты з пяці краін свету: Беларусі, Бразіліі, Польшчы, Кеніі і Танзаніі. Беларусаў у семінарыі чацвёра.
Брат Станіслаў Клімза з Шаркаўшчыны і брат Артур Купчынскі з Гродна перайшлі на другі курс семінарыі, а брат Уладзіслаў Малчан з Івацэвічаў — на чацвёрты.
9 верасня даў першыя манаскія абяцанні брат Дзмітрый Крывенка, які пачынае навучанне на першым курсе.
Браты францішкане, якія служаць у розных кутках Беларусі, просяць аб малітве за сваіх маладых сабратоў.
Кожны год на працягу манаскай фармацыі браты аднаўляюць абяцанні жыць паводле евангельскіх парад: у паслухмянасці, убостве і чыстасці.
Пасля перыяду выпрабавання на пятым курсе семінарыі браты даюць вечныя манаскія абяцанні.