Пошук


23 верасня ў Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах (Пінская дыяцэзія) адбылася ўрачыстая інаўгурацыя новага навучальнага года 2023/2024.

Па традыцыі, святкаванне распачалося супольнай святой Імшой студэнтаў і выкладчыкаў разам з кіраўнікамі і мадэратарамі ў капліцы гэтай каталіцкай навучальнай установы.

Цэлебрацыю з нагоды інаўгурацыі ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які адначасова з’яўляецца старшынёй вучонай рады Катэхетычнага каледжа.

Іерарх, звяртаючыся са словам пастырскага настаўлення да супольнасці гэтай духоўна-адукацыйнай установы, заахвоціў студэнтаў да таго, каб цаніць і добра выкарыстаць дадзены Панам Богам час для набыцця грунтоўных тэалагічных ведаў, такім чынам становячыся радаснымі і духоўна адукаванымі сведкамі Евангелля ў сучасным свеце: у сям’і, месцах працы, а перадусім служачы як катэхеты і бліжэйшыя супрацоўнікі святароў у парафіях.

Гамілію да сабараных прамовіў ксёндз Андрэй Рылка, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі і былы дырэктар Катэхетычнага каледжа. Разважаючы над евангельскай прыпавесцю аб сейбіце і зернях, святар узгадаў вучэнне Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, першага біскупа Пінскай дыяцэзіі, імя якога носіць гэтая ўстанова. Біскуп Лазінскі, распавядаючы пра набыццё ведаў і цнотаў, часта звяртаўся да вобразу збірання зярнятак. Гэтая праца патрабуе цярплівасці і высілку, і толькі так яна прынясе багаты плён грунтоўных ведаў.

Пасля святой Імшы ў актавай зале каледжа адбылася ўрачыстая інаўгурацыя новага навучальнага года. Біскуп Дзям’янка ўручыў навучэнцам першага курса студэнцкія білеты і заліковыя кніжкі. Інаўгурацыйную лекцыю для студэнтаў прачытаў ксёндз Юрый Пракапюк, былы дырэктар і выкладчык каледжа, які сёлета паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. У сваёй лекцыі ксёндз Юрый раскрыў актуальную ў нас час тэму ўдзелу свецкіх у прапаведніцкай місіі Касцёла паводле дзеючых кананічных нормаў.

Вельмі хвалюючым для ўсіх момантам было ўручэнне дыпломаў сёлетнім выпускнікам каледжа, якое здзейсніў біскуп Антоні Дзям’янка, благавіўшы іх на далейшы шлях жыцця і служэння Касцёлу.

Урачыстасць завяршылася супольнай гасцінай.

 

Абноўлена 27.09.2023 09:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця