Пошук

19.09.2023 08:56   Тэкст: Апалінарый Шалімовіч / Фота: Ірына Варкулевіч / Catholic.by

У суботу 16 верасня ў вёсцы Несутычы, што пад Навагрудкам (Гродзенская дыяцэзія), адбылося ўрачыстае благаслаўленне старадаўняй мураванай барочнай капліцы Святога Крыжа.

Абрад здзейсніў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Напачатку іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы на старадаўнім месцы культу, дзе людзі з даўніх часоў збіраліся на супольную малітву.

У прамоўленай гаміліі біскуп адзначыў, што, нягледзячы ні на якія гістарычныя падзеі, такія прыдарожныя капліцы аб’ядноўваюць людзей дзвюх асноўных хрысціянскіх канфесій нашай краіны: католікаў і праваслаўных.

Прыдарожная капліца ў Несутычах вядомая тым, што ў ёй захавалася ўнікальнае разблёнае Укрыжаванне, якое спецыялісты датуюць XVІII стагоддзем. Нядаўна была праведзена рэстаўрацыя твору сакральнага мастацтва, а таксама адноўлена сама капліца.

Пасля святой Імшы адбылося ўрачыстае благаслаўленне адноўленай капліцы і Укрыжавання, якое перажыло грунтоўную рэстаўрацыю.

Мясцовы душпастыр, пробашч парафіі святога Арханёла Міхала ў Навагрудку ксёндз Юрый Жэгарын напрыканцы ўручыў граматы падзякі ўсім, хто дапамагаў у аднаўленні капліцы.

Урачыстасць прыгожым спевам аздобіў хор Гродзенскай дыяцэзіі Cantate Domino. На свяце былі прысутныя прадстаўнікі улады Навагрудскага раёна, мецэнаты, мясцовыя жыхары, вернікі з Навагрудка, а таксама госці з Гродна, Ліды і Мінска.

Кароткая гістарычна даведка

На карце Навагрудскага павета канца XVI cт. паселішча Несутычы пазначана як шляхецкі маёнтак. Капліца ад Навагрудскай парафіі згадваецца тут з сярэдзіны XVIII cт.: драўляны, а пазней мураваны культавы будынак стаяў на мясцовых могілках, у алтары было змешчанае разблёнае Укрыжаванне, магчыма, перанесенае сюды з зачыненага касцёла езуітаў у Навагрудку.

У 1850 г. уладальнік Несутычаў і старшыня навагрудскага межавога суда Пётр Абламовіч, згодна з тэстамэнтам свайго брата Адама († 1849), «явил желание перестроить каплицу, чтоб было где служить заупокой». Пры гэтым адзначаецца, што капліца ўжо 100 гадоў як існуе і што пабудавалі яе не Абламовічы, а магчыма, Францкевічы, ад якіх маёнтак у 1770-я гг. перайшоў да Абламовічаў. Аднак аднавіць месца культу Абламовічам не дазволілі, таму што, паводле цытаты першакрыніцы: «каплица вредна для православия». Тым не менш, святыню ўсё ж уратавалі ад знішчэння і яна дзейнічала да Другой сусветнай вайны.

З другой паловы XVIII cт. дзейнічала ў Несутычах і прыдарожная каплічка, пабудаваная ў самым цэнтры вёскі, пры скрыжаванні.

Па задумцы стваральнікаў (мясцовых землеўладальнікаў Абламовічаў, пра што сведчыла мемарыяльная чыгунная пліта на алтарным фасадзе, якая не захавалася), сама капліца з’яўлялася быццам бы алтаром святыні пад адкрытым небам, скляпенні якой стваралі кроны дрэваў, высаджаных як калоны касцёла, а ўваход быў пазначаны прыступкамі з бутавага каменя. Капліцу пабудавалі ў стылі барока з цэглы і атынкавалі.

У пасляваенныя гады могілкавая капліца была знішчаная, металічны крыж з яе ўмуравалі пры ўваходзе на могілкі, а сапраўдны шэдэўр — велічнае алтарнае Укрыжаванне — вернікі перанеслі ў прыдарожную капліцу і ўмацавалі ў алтарную сцяну.

Хоць з пасляваенных часоў сюды ніхто са святароў не прыязджаў і юрыдычна капліца не дзейнічала, мясцовыя жыхары ніколі не пераставалі наведваць святыню.

Сведчанне гэтага — ручнікі-аброкі, павязаныя на фігуры Езуса, рэшткі іншага Укрыжавання, прынесеныя сюды, магчыма, з нейкай іншай зруйнаванай каплічкі ці прыдарожнага крыжа, а магчыма, гэта тое, што засталося ад Укрыжавання, якое тут знаходзілася першапачаткова.

Сама ж капліца ў Несутычах доўгі час знаходзілася амаль у руінным стане: барочны франтон з крыжам, які некалі ўвенчваў святыню, даўно абрынуўся, не было ані вокнаў, ані дзвярэй, пагражалі абрынуцца скляпенні. У 2010-я гг. у ваконныя праёмы ўставілі шыбы, а замест дзвярэй вернікі прымацавалі старыя звычайныя дзверы ад кватэры № 15, што надало святыні пэўную недарэчнасць у выглядзе.

Улетку 2022 г. з ініцыятывы ксяндза Юрыя Жэгарына распачалося аднаўленне капліцы, фігура Езуса была адпраўлена на рэстаўрацыю.

16 верасня 2023 года адноўленая капліца была ўрачыста адчынена і благаслаўлёна біскупам Юрыем Касабуцкім.

Абноўлена 20.09.2023 09:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.