Пошук

15.09.2023 14:13   Vatican News
Ксёндз Раман Суша. Фота Марыны Валасар

13 верасня ксёндз Раман Суша з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі абараніў доктарскую дысертацыю ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, беларускі святар прысвяціў сваё навуковае даследаванне прынцыпу συμπάθεια у навучанні святога Тэафана Пустэльніка (1815–1894) – расійскага праваслаўнага тэолага, публіцыста, прапаведніка і педагога.

Праца носіць міждысцыплінарны характар. У ёй закранаюцца сучасныя выклікі сацыяльна-палітычнага, псіхалагічнага і педагагічнага характару.

Ксёндз Раман прапанаваў філасофска-тэалагічны погляд на праблемы адносін у грамадстве, падкрэсліўшы важнасць падзялення цяжараў і радасцяў паміж членамі супольнасці ў адпаведнасці з заклікам апостала Паўла: «Калi церпiць адзін член, церпяць з ім усе члены; калi праслаўляецца адзін член, з ім радуюцца ўсе члены» (1 Кар 12, 26).

Мадэратарам доктарскай працы быў італьянскі святар Стэфано Капрыё, выкладчык Папскага ўсходняга інстытута, эксперт у галіне ўкраінскай і расійскай філасофіі, які займаўся місіянерскай і душпастырскай дзейнасцю ў Расіі. Цэнзарам выступіў ксёндз Пэтэр Дуфка, славацкі святар, езуіт, выкладчык усходняй тэалогіі ў Папскім грыгарыянскім універсітэце і Папскім усходнім інстытуце.

На абароне дактарату прысутнічаў кардынал-намінат Клаўдыё Гуджэроцці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў, які з 2011 па 2015 год быў Апостальскім нунцыем у Беларусі і натхніў ксяндза Рамана на вучобу ў Італіі.

Іерарх высока ацаніў зробленую працу і падкрэсліў яе актуальнасць. Прысутнічалі таксама бацька ксяндза Рамана, выкладчыкі, сябры і вернікі італьянскай парафіі, у якой ён служыў падчас свайго навучання.

Ксёндз Раман Суша нарадзіўся ў 1990 годзе ў Кіеве ў беларускай каталіцкай сям’і. Дзяцінства правёў у Вілейцы, на радзіме бацькоў. Прымаў удзел у жыцці мясцовай парафіі, захапляўся інфарматыкай. Распазнаў пакліканне да святарства і паступіў у Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю ў Пінску. Скончыў магістратуру ў Люблінскім каталіцкім універсітэце Яна Паўла ІІ. Пасля пасвячэння займаўся душпастырствам у парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску. Вывучаў місіялогію і духоўнасць у Папскім Грыгарыянскім універсітэце, клінічную псіхалогію ў Collegium Humanum — Варшаўскай вышэйшай менеджарскай школе ў Польшчы. Піша доктарскую дысертарцыю па хрысталогіі на Папскім тэалагічным факультэце святога Бонавэнтуры, вядомым як Сэрафікум, дзе запрошаны распачаць выкладчыцкую дзейнасць.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа