9 верасня ў парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбылася сустрэча катэхетаў Віцебскай дыяцэзіі.
Як паведамляе Catholicnews.by, тэмай сустрэчы, у якой узяў удзел біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, сталі словы з Евангелля паводле Яна: «Я — дарога і праўда, і жыццё, — кажа Пан» (Ян 14, 6).
Распачалася сустрэча святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў пастыр дыяцэзіі.
Звярнуўшыся да прысутных, біскуп Буткевіч сказаў, што асноўная задача катэхета заключаецца ў тым, каб «давесці дзяцей да сустрэчы з жывым Богам, які не дзесьці там, у гісторыі, а тут і цяпер».
Катэхізацыяй дзяцей і моладзі ў Віцебскай дыяцэзіі займаюцца як святары і сёстры законныя, так і свецкія катэхеты. Падчас сустрэчы была ўручана кананічная місія Эме Станкевіч з Далёкіх. Такім чынам, тых, хто дапамагае ў хрысціянскім выхаванні будучага пакалення, стала на адну асобу больш.
Біскуп Буткевіч заахвоціў катэхетаў імкнуцца да большага супрацоўніцтва з бацькамі.
З нагоды 400-годдзя з часу мучаніцкай смерці святога Язафата Кунцэвіча, катэхетка з парафіі Святой Тройцы ў вёсцы Канстанцінава (Глыбоцкі дэканат) Алена Татун распавяла прысутным пра асобу святога, які з’яўляецца нябесным апекуном Віцебскай дыяцэзіі. Прысутныя даведаліся не толькі біяграфічныя звесткі, але і асаблівыя рысы характару Полацкага біскупа, яго працу на Божай ніве.
Потым прысутныя ўзялі ўдзел у біблійным конкурсе. Падзяліўшыся на тры каманды, яны спаборнічалі як у веданні Святога Пісання, так і ў ведах твораў мастацтва і музыкі на рэлігійную тэму. У выніку перамагло сяброўства. Усе атрымалі падарункі, а яшчэ добры настрой і благаслаўленне на пачатак новага катэхетычнага года.