Пошук

29.08.2023 11:55   Тэкст: Аліна Арцюкевіч / Фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

26 жніўня ў парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Мінску сястра Дар’я Еўтухоўская FMA дала вечныя манаскія абяцанні чыстасці, паслухмянасці і ўбоства ў Інстытуце Дачок Марыі Успамогі.

«Выключна моцай Любові!» — так гучыць дэвіз, які абрала сястра Дар’я на сваё манаскае жыццё. У актуальны момант яна нясе служэнне ў салезіянскай парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах, што пад Мінскам.

Цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой былі дадзены абяцанні, узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Каб падтрымаць малітоўна сястру Дар’ю, у святыні сабраліся святары салезіяне на чале з ксяндзом дэлегатам Паўлам Шчарбіцкім SDB, сёстры салезіянкі, а таксама святары і сёстры законныя з розных куткоў Беларусі. Важным госцем стала сястра Маргарыта Пятрушчак FMA, дэлегатка генеральнай настаяцельніцы Інстытута Дачок Марыі Успамогі.

Прамоўленае Божае слова біскуп Яшэўскі скіраваў усім прысутным, а асаблівым чынам сястры Дар’і, разважаючы ў гаміліі над пакліканнем да манаскага жыцця.

«Манаскае жыццё — гэта заклік да шчаслівага служэння, самааддачы, поўнага самаахвяравання. Гэта не прывілеяванае месца, каб нешта атрымаць для сябе, але каб шчодра раздаваць, як Марыя, якая імкнулася не браць, але даваць», — падкрэсліў іерарх, які таксама належыць да салезіянскай сям’і. Ён вызначыў тры «праграмныя ўстаноўкі» для манаскай асобы, асабліва з салезіянскай харызмай, а менавіта: быць радасным, быць адважным і быць з’яднаным.

Біскуп адзначыў, што супольнасць Інстытута Дачок Марыі Успамогі добра сфармавала сястру Дар’ю і падрыхтавала да вечных абяцанняў, а ўсё астатняе залежыць менавіта ад яе.

Напрыканцы гаміліі іерарх звярнуўся да сястры Дар’і з кароткім пастырскім настаўленнем і падзякай:

«Сястра Дар’я, будзь асобай, якая моцна любіць Бога; якая настолькі з’яднаная са сваёй кангрэгацыяй, што нясе гэтую любоў усім, каму будзеш служыць, і асабліва тым маладым людзям у нашым свеце, хто вядзе барацьбу, каб знайсці любоў ці надзею. Дзякуй за тваю адданасць і дзякуй за тваё „так“, сёння выказанае Богу перад усімі намі».

Пасля гаміліі адбыўся абрад вечных манаскіх абяцанняў. Спачатку сястра Дар’я выказала сваё жаданне і гатоўнасць дабравольна цалкам ахвяраваць сябе Богу па прыкладу святой Марыі Дамінікі Мадзарэлло, заснавальніцы Інстытута Дачок Марыі Успамогі. Потым усе ўдзельнікі ўрачыстасці разам маліліся Літанію, дзякуючы Богу ў Тройцы адзінаму і просячы заступніцтва Марыі і ўсіх святых, каб Бог Айцец праз Хрыста спаслаў багацце сваіх дароў сястры Дар’і.

Пасля малітвы сястра Дар’я Еўтухоўская прачытала ўласнаручна напісаную формулу манаскіх абяццаняў перад сястрой дэлегаткай і ўсімі прысутнымі.

У адпаведнасці з абрадам, адразу пасля прамаўлення формулы манаскага абяцання сястра Дар’я паклала яе тэкст на алтар і атрымала ад біскупа Аляксандра Яшэўскага пярсцёнак як сімвал паклікання быць знакам Хрыста для свету.

Атрымаўшы пастырскае благаслаўленне, салезіянская сям’я выказала сястры шчырыя віншаванні.

Сястра Дар’я, са свайго боку, выказала словы падзякі, падкрэсліўшы важнасць малітоўнай падтрымкі ўсіх прысутных і тых, хто па нейкіх абставінах не змог быць побач, хоць вельмі гэтага хацеў.

Потым усе прысутныя былі запрошаныя ў араторый на святочны абед, каб разам адсвяткаваць і павіншаваць сястру Дар’ю з важнай падзеяй. Як адзначаюць удзельнікі, гэта было сапраўды сямейнае, вельмі ўтульнае і прыгожае свята. Многія з прысутных абяцалі сястры Дар’і сваю падтрымку і малітву, каб яна засталася вернай прамоўленнаму Езусу «так» праз усё жыццё.

Абноўлена 29.08.2023 12:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа