26 жніўня ў Гомелі адбылося ўрачыстае ўмураванне вуглавога каменя, які раней благаславіў Папа Францішак.
Закладку вуглавога каменя ў муры касцёла здзейсніў Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец.
Найстарэйшы каталіцкі іерарх у Беларусі ў апошняе дзесяцігоддзе прысвячае сябе справе аднаўлення старадаўняй парафіі, якая некалі існавала ў Гомелі. Ён таксама займаецца будаўніцтвам новага касцёла для адроджанай супольнасці пад гістарычным тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў адным са спальных мікрараёнаў другога па велічыні горада ў краіне.
Пасля закладкі вуглавога каменя ў мурах будучай святыні адбылася цэлебрацыя святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Велікаселец.
Ва ўрачыстай літургіі ўзялі ўдзел Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама святары, кансэкраваныя асобы, парафіяне і госці.
Падчас святой Імшы да Першай святой Камуніі прыступілі трое дзетак адроджанай парафіі, дзе душпастырствам займаюцца айцы з манаскага ордэна святога Паўла, першага пустэльніка — паўліны.
Напрыканцы Эўхарыстыі біскуп Казімір Велікаселец падзякаваў усім, хто духоўна і матэрыяльна прычыняецца да справы аднаўлення старажытнай парафіі і будаўніцтва новага касцёла.