Пошук

04.08.2023 16:50   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

31 ліпеня – 1 жніўня ў Навагрудку адбыліся ўрачыстасці з нагоды 80-й гадавіны з дня мучаніцкай смерці адзінаццаці благаслаўлёных законніц з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

У час Другой сусветнай вайны з 31 ліпеня на 1 жніўня 1943 года ў Батароўскім лесе каля Навагрудка гітлераўцы расстралялі сясцёр назарэтанак з мясцовага кляштара, якія аддалі сваё жыццё ўзамен за 120 чалавек, мужчын і святара, арыштаваных і асуджаных на смерць.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, узяць удзел ва ўрачыстасцях, каб ушанаваць памяць сведкаў Хрыста, якія прынеслі сябе ў ахвяру за бліжніх, і вучыцца ў іх адважна ісці праз жыццё, прыбыло шмат людзей.

Таксама прыйшла традыцыйная пешая пілігрымка з Новай Мышы (Пінская дыяцэзія, Баранавіцкі дэканат) у складзе 27-і чалавек.

Удзельнікі ўрачыстасцяў дзякавалі Пану за дар благаслаўлёных назарэтанак для Касцёла на Беларусі. Праз заступніцтва сясцёр мучаніц прысутныя прасілі даць ім, іх сем’ям і супольнасцям ласку глыбокай і моцнай веры, адвагі, сапраўднай любові да Бога і бліжніх.

Акрамя таго, маліліся за мір ва ўсім свеце, у кожным доме і сям’і, і аб беатыфікацыі сястры Малгажаты Банась — дванаццатай назарэтанкі з навагрудскага кляштара, якая выпадкова пазбегла мучаніцкай смерці.

Святую Імшу падчас урачыстасцяў узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. У гаміліі іерарх падкрэсліў, што Батароўскі лес, нямы сведка тых трагічных падзей, «стаў для сясцёр назарэтанак своеасаблівай Галготай, на якую яны неслі свой крыж», і што «яны загінулі, але, як і Езус, перамаглі смерць, бо праз яе ўвайшлі ў Божае Валадарства».

Потым у навагрудскім фарным касцёле — дыяцэзіяльным санктуарыі благаслаўлёнай сястры Стэлы і дзесяці яе паплечніц, дзе ў саркафагу змешчаны іх рэліквіі, — адбылося малітоўнае чуванне.

У праграме чування, якое працягвалася ўсю ноч, былі, між іншым, духоўная канферэнцыя, Вяночак да благаслаўлёных сясцёр мучаніц у інтэнцыі сем’яў, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, Крыжовы шлях.

У 4.30 — прыкладны час расстрэлу сясцёр — адбылася святая Імша.

 

Абноўлена 04.08.2023 16:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.