З 16 па 23 ліпеня ў кляштары сясцёр назарэтанак ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) прайшлі 13-я летнія рэкалекцыі для сем’яў, якія ўваходзяць у Асацыяцыю Святой Сям’і з Назарэта (АСС).
У духоўных практыкаваннях узялі ўдзел 14 сем’яў: з Глыбокага, Гродна, Ліды, Масквы, Мінска і з Навагрудка.
Адметнасцю сёлетніх рэкалекцый стаў той факт, што амаль усе ўдзельнікі з’яўляюцца афіцыйнымі членамі Асацыяцыі Святой Сям’і. Таксама і падчас гэтых духоўных практыкаванняў у навагрудскім Назарэце традыцыйна адбылося прыняцце новых членаў у гэтую касцёльную супольнасць.
У межах рэкалекцый сем’і, якія бралі ў іх удзел, разважалі на тэму «Тэалогія цела» паводле вучэння святога Яна Паўла ІІ.
Раскрываў азначаную тэму ксёндз Яўген Шымановіч з Парафіі Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі ў Оршы.
Падставай для разважанняў штодня былі словы святога Яна Паўла ІІ: «Чалавеку, які не вырашыў любіць вечна, будзе вельмі цяжка па-сапраўднаму любіць нават адзін дзень». Акрамя духоўных канферэнцый, быў час для працы ў групах, а таксама асабісты час для размовы паміж сужонкамі. У гэтых разважаннях удзельнікі рэкалекцый атрымалі вялікі духоўны досвед, які будзе карысным у іх хрысціянскім і сямейным жыцці.
Падсумоўваючы вынікі духоўных практыкаванняў, іх удзельнікі сведчылі аб тым, што разгледжаная тэма сапраўды актуальная і знайшла водгук у кожным сужэнстве.
Рэкалекцыі, на думку ўдзельнікаў, прайшлі ў шчырай, сямейнай атмасферы, падчас іх панаваў дух супольнасці і еднасці.
На пряцягу фармацыйнага года адбываюцца штомесячныя сустрэчы АСС у Глыбокім, Гродне, Лідзе, Маладзечне, Мінску і Смаргоні. Падрабязней даведацца пра жыцце АСС можна на старонцы супольнасці nazaret_semja ў сацыяльнай сетцы Instagram.