Пошук

07.12.2016 11:21  

Вясной 2015 года пачалася кругласутачная «Няспынная малітва за Беларусь». Вернікі розных канфесій паступова далучаліся да малітвы, абіраючы свае малітоўныя 60 хвілін за Радзіму.

Удзельнікі малітвы ў асноўным мужна трываюць у ёй, нават калі іх час выпадае на чатыры раніцы. Але ці так усё лёгка, ці сапраўды атрымліваецца не забыцца на гэты час, ці няма знешніх ці ўнутраных перашкод?

Часам некаторыя людзі адмаўляюцца ад малітвы, на іх месца знаходзяцца новыя ахвотнікі.

У падтрымку і дзеля заахвочвання новых удзельнікаў гэтай важнай ініцыятывы прапаноўваем знаёмства з некаторымі людзьмі, якія трываюць у гэтым адказным абавязку.

Сёння гутарым з ксяндзом Дзмітрыем Івановым, які нясе служэнне ў касцёле свв. Сымона і Алены ў Мінску. Ксёндз Дзмітрый скончыў семінарыю ў Беластоку. Яго продкі паходзяць з Лагойшчыны.


— Ксёндз Дзмітрый, раскажыце колькі словаў пра сябе. Чым Вы цікавіцеся, чым займаецеся?

— Я — святар. Паходжу з Мінска, у Мінску нарадзіўся, тут прайшло маё дзяцінства і юнацтва. Летам, канешне ж, ездзіў у вёску, да сваёй бабулечкі. Там я адчуў любоў да Беларусі, да гэтай зямлі, да простай мовы.

Мае інтарэсы таксама крыху з гэтым звязаныя — я люблю падарожнічаць, цікаўлюся архітэктурай. Асабліва захапляюся культавымі пабудовамі, нашым віленскім барока, да якога мы так прызвычаіліся. У які куточак Беларусі не паедзеш — заўсёды яго знойдзеш. А саму Вільню калі наведваеш, дык аж дух захоплівае. Таксама мне падабаецца неаготыка, касцёлы на поўначы Беларусі: Іказнь, Слабодка, Відзы. Тыя ж самыя Гервяты трэба прыгадаць — прыгажэйшы касцёл у стылі неаготыкі.

Наша Беларусь багатая на прыгажосць. Дарэчы, першыя думкі пра святарства да мяне прыйшлі, калі маліўся ля сцен былога касцёла святога Мацвея ў Раўбічах, што за 15 кіламетраў ад вёскі маёй бабулі.

— А чаму Вы прынялі рашэнне маліцца за гэтую зямлю, за Беларусь?

— Для мяне гэта заўсёды было актуальна. Я вучыўся ў Польшчы і звярнуў увагу, што ў Польшчы Касцёл вельмі патрыятычны. Святар прысутнічае на дзяржаўных святах і прамаўляе патрыятычныя казанні, гаворыць пра любоў да Айчыны. Мяне гэта вельмі вабіла, і я разважаў, чаму ў нас такога няма, чаму мы баімся часамі адно-два словы сказаць пра Беларусь, што Беларусь — наша Бацькаўшчына, што мы — беларусы, што трэба любіць сваю Айчыну і сваю мову. Таму я вырашыў далучыцца да Няспыннай малітвы. Для мяне прыклад патрыятычнага служэння — гэта кс. Ежы Папялушка. Я вучыўся недалёка ад той мясцовасці, дзе ён нарадзіўся. Гэта каля Беластока.

Мы не павінны гэтага цурацца. Малітва за Беларусь, малітва за Бацькаўшчыну — гэта абавязак кожнага жыхара гэтай зямлі. Гэта чацвёртая запаведзь: любі маці і бацьку свайго, тут жа таксама — любі сваю зямлю, культуру, любі родную краіну, у якой ты жывеш. Хрысціяне мусяць мець патрыятызм.

— Які рытм Вашага жыцця?

— У Чырвоным касцёле, канешне, рытм жыцця вельмі напоўнены. Заўсёды шмат людзей, службаў, толькі ў будні дзень шэсць службаў. Заўсёды ёсць хтосьці да споведзі, таксама пахаванні, шлюбы, хросты, намашчэнне хворых, размовы з рознымі людзьмі, якія прыходзяць са сваімі патрэбамі. Такое наша святарскае жыццё.


— А па-за шматлікімі абавязкамі ці атрымліваецца знайсці асабісты час для Бога?

— Унутраная малітва са мной заўсёды. Па-за службамі і абавязковымі малітвамі заўсёды стараешся раіцца з Богам, калі нейкае рашэнне трэба прыняць, заўсёды ў думках звяртаешся да Пана Бога. Калі ўлічыць, што малітва — гэта размова чалавека з Богам, то можна сказаць, што гэта адбываецца нястомна, няспынна.

— А адкуль Вы даведаліся пра «Няспынную малітву»?

— Спачатку пачуў ад некаторых з нашых парафіянаў, ад моладзі. Пачуў, але яшчэ не ведаў, што і як. Больш падрабязную інфармацыю знайшоў на catholic.by. Даведаўся, што можна выбраць сабе гадзіну і маліцца ў інтэнцыі роднай зямлі.

— Што для Вас Беларусь?

— Беларусь — гэта мая родная зямля, мая Айчына, гэта наша культура, гэта нешта роднае, як маці, як бацька, тое, за што трэба маліцца, тое, што ў маім сэрцы. Гэта беларускія куточкі са сваім каларытам — нешта сваё ёсць і на Магілёўшчыне, і на Брэстчыне, і на Гродзеншчыне, і на Віцебшчыне. Я ўсведамляю, што гэта мая зямля, што за яе трэба маліцца, трэба прасіць Бога і аб духоўным яе адраджэнні, і культурным, і эканамічным.

— Чаму трэба маліцца за Беларусь?

— Нас да гэтага абавязвае запаведзь Божая. Усе мы нясём адказнасць за тую зямлю, на якой нарадзіліся і жывём.

— Якія змены Вы заўважылі за час малітвы ў сабе і ў Беларусі?

— Жыццё ў Беларусі патроху змяняецца: больш людзей цікавяцца і гісторыяй Беларусі, і мовай. Людзі, здаецца, адчуваюць, што павінны прыкладаць больш намаганняў, каб не страціць тое, што яшчэ засталося наша, сваё, беларускае. Адбываецца рэстаўрацыя помнікаў архітэктуры, і бачна, што зацікаўленасць беларускасцю цяпер ёсць не толькі ў нейкіх закрытых групах, але і больш шырока, нават на дзяржаўным узроўні. Як хрысціянін я веру, што такая Божая «інтэрвенцыя» ў сэрцы людзей адбываецца па просьбе тых, хто моліцца.

— Наколькі Вас хопіць у «Няспыннай малітве»?

— Я пачаў маліцца за Беларусь даўно: маліўся яшчэ, калі толькі збіраўся ў семінарыю, таксама будучы семінарыстам, пасля служыў Імшы за Беларусь. Зараз у мяне ёсць малітоўнае правіла раніцай і ўвечары ўзгадваць у малітве Бацькаўшчыну. Гэта са мной неад’емна. А цяпер, калі ідзе «Няспынная малітва» за Беларусь, то я малюся яшчэ і з вамі, можна сказаць, больш афіцыйна.

— Гадзіна ў малітве гэта шмат?

— Зусім няшмат. Што такое знайсці адну гадзінку для Бога і памаліцца за Беларусь, паразважаць, пабыць з Богам, асабліва просячы духоўнага адраджэння для гэтай зямлі. Гадзіна зусім няшмат, асабліва калі казаць, што гэта гадзіна ў тыдзень.


— Якая малітоўная патрэба зараз самая важная на Ваш погляд?

— Духоўнасць. Мы бачым, што ў свеце адбываюцца розныя, зусім нехрысціянскія з’явы, занядбанне хрысціянскіх каштоўнасцяў. Канешне, хочацца, каб нашу Беларусь гэта неяк абмінула. Хочацца, каб наша моладзь і нашы людзі былі блізка Бога, каб стараліся захоўваць запаведзі Божыя ў сваім жыцці, асабліва запаведзі любові да Бога і бліжняга. Таксама важна маліцца за культурнае адраджэнне і за адраджэнне самасвядомасці беларусаў, каб Беларусь была годнай сярод іншых народаў.

— Некалькі слоў для тых, хто моліцца, каб далучаліся.

— Няхай Бог благаслаўляе. Гэта вельмі шляхетная справа — маліцца за родную зямлю. Трэба памятаць, што сам Бог наказваў нам шанаваць тое, што Ён нам даў, а таксама бараніць і захаваць для нашчадкаў. Малітва — гэта вельмі важна! Няхай усё тое, што мы робім дзеля Беларусі, будзе з Божага благаслаўлення. Толькі з Богам усё магчыма!

Падрыхтавала Вольга Севярынец
(VGr)

Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.