Пошук

24.07.2023 09:54   Тэкст і фота: кс. Павел Эйсмант / Catholic.by

21 ліпеня вернікі Касцёла ў Беларусі ўспаміналі кардынала Казіміра Свёнтка ў дванаццатую гадавіну з часу яго смерці.

З гэтай нагоды ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі цэлебравалася святая Імша за спачылага першага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якую ўзначаліў дзеючы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, а гамілію прамовіў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. У цэлебрацыі таксама ўзялі ўдзел ксёндз Андрэй Бурак, вікарый архікатэдральнай парафіі, і ксёндз Павел Эйсмант, асабісты сакратар арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіў увагу прысутных на тым, што спачылы кардынал Свёнтэк у сваім жыцці ўвесь час праходзіў праз няпростыя выпрабаванні.

«Арыштаваны і пасаджаны ў турму, малады святар толькі Божым цудам застаўся ў жывых, аднак вытрымаў турэмныя ўмовы, захоўваючы веру ў сэрцы. Бог выбраў яго, каб у часы савецкага пераследу ён стаўся для пінскіх вернікаў тым адзіным чалавекам, які прыносіць Бога ў сэрцы. І нават у пажылым узросце ён быў моцна запатрабаваны Касцёлам як той, хто пакажа кірунак далейшага яго развіцця.

У 1991 годзе Папа святы Ян Павел ІІ прызначыў 77-гадовага Казіміра Свёнтка арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, а потым, у 1994 годзе, надаў яму пачэсны тытул кардынала. Ускладзеныя Касцёлам заданні першы Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп з годнасцю выканаў, за што мы, нашчадкі, яму вельмі ўдзячныя», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч

«Кардынал Свёнтэк увайшоў у сучасную гісторыю Касцёла ў Беларусі як першы і адзіны кардынал, а яшчэ больш — як нязломны сведка веры, выразам чаго сталася ўганараванне яго ў 2004 годзе спецыяльнай узнагародай Fidei testis — „Сведка веры“», — сказаў на заканчэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця