18 ліпеня ў Тракелях кусташ санктуарыя Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Тракельскай, Каралевы нашых сем’яў, ксёндз канонік Юрый Бяганскі благаславіў фігуру Хрыста Валадара, усталяваную ў чоўне пасярод сажалкі ў Марыйным садзе.
Як адзначаецца на старонцы Тракельскага санктуарыя ў сацыяльнай сетцы Instagram Sanktuaryimatsi, фігура стала вотумам падзякі за XXV юбілейную пешую пілігрымку Гродна–Тракелі.
Паводле кусташа санктуарыя, «гэта яшчэ адзін сімвал, напамін пра тое, што Бог побач, што Беларусь — веруючы, хрысціянскі край».
Ідэю праекта падтрымаў і благаславіў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, а яе ажыццяўленню паспрыяла малітоўная і матэрыяльная падтрымка людзей добрай волі.
«Гэты сімвалічны помнік павінен заахвочваць жыхароў, усіх гасцей і пілігрымаў, якія наведваюць Тракелі, каб давяралі сваё жыццё Хрысту. Устаноўлены на чоўне ў сажалцы Марыйнага саду, ён з’яўляецца сведчаннем хрысціянскай тоеснасці Касцёла. Гэта пашана, выказаная Хрысту веруючымі людзьмі, і прызнанне Яго права на чалавечыя сэрцы.
Верым, што фігура Хрыста, Валадара Сусвету, будзе прыцягваць да Тракельскага санктуарыя і да карыстання дарам Яго прабачаючай любові. Гэта своеасаблівы знак — знак надзеі для ўсіх, хто гэтага знаку шукае», лічыць ксёндз Юрый Бяганскі.