Пошук

19.07.2023 16:20   Фота: Ірэна Ахрамовіч / Catholic.by

Апоўначы 16 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Гудагаі (Астравецкі дэканат), якім апякуюцца айцы кармэліты босыя, распачалася працэсія з цудадзейным абразом Маці Божай Шкаплернай.

У працэсіі вернікі, сабраныя на традыцыйным фэсце, неслі ў руках запаленыя свечкі і маліліся Ружанец. На чале з паходнямі ішло духавенства і сёстры законныя.

Удзельнікі шэсця прайшлі па мястэчку і, зрабіўшы вялікае кола вакол святыні, наблізіліся да палявога алтара, на якім адбылася святая Імша. Урачыстую начную цэлебрацыю ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

На пачатку ўсіх сабраных на фэсце прывітаў пробашч гудагайскай парафіі і кусташ санктуарыя Маці Божай Шкаплернай айцец Аркадзь Куляха OCD. Ён нагадаў прысутным, што сёлетні фэст спалучаны з дзвюмя гадавінамі: 260-годдзем з часу пабудовы касцёла ў Гудагаі і 50-й гадавінай з часу смерці руплівага душпастыра гудагайскай парафіі ксяндза пробашча Адама Вайцяхоўскага, які адышоў у вечнасць ў дзень урачыстасці Маці Божай Шкаплернай.

Арцыбіскуп Кандрусевіч, у сваю чаргу, звярнуўся з прывітальным словам да ўдзельнікаў фэсту, прамовіўшы па-беларуску, па-польску, па-руску і па-літоўску. Усе гэтыя мовы гучаць у штодзённым жыцці Астравеччыны, жыхары якой спрадвеку жывуць паміж сабою ў міры і згодзе, разам ушаноўваючы агульную для ўсіх Нябесную Маці Марыю. Заслужаны іерарх таксама павіншаваў айца Аркадзя з днём нараджэння, які кусташ адзначае акурат у дзень урачыстасці Маці Божай Шкаплернай.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп падкрэсліў, што «пілігрымы, якія прыбываюць у гэты ціхі і маляўнічы куток нашай Бацькаўшчыны, усведамляюць сабе яго асаблівасць, бо тут праз заступніцтва Марыі Бог дакранаецца да чалавека сваёй любоўю і міласэрнасцю, каб перамяняць яго на шляху веры».

Іерарх заўважыў, што ў шалёнай «пацучынай гонцы», якая ахапіла сённяшні свет, сучаснаму чалавеку ўсё цяжэй знайсці час на духоўнае жыццё, якое адкладаецца «на потым».

«У гэтай мітусні людзям проста неабходна спакойная гавань, каб знайсці сябе і сэнс свайго жыцця. У Гудагайскім санктуарыі, пад чуйным вокам Божай Маці Шкаплернай, чалавек мае магчымасць спыніцца і задумацца, дзеля чаго жыве. У гэтай школе Марыі мы вучымся быць дзецьмі Яе Сына, падобнымі да Яе „табэрнакулямі“, у якіх жыве Хрыстус і наталяе наш духоўны голад», — адзначыў арцыпастыр. Ён заўважыў, што цяперашні касцёл у Гудагаі быў пабудаваны 260 гадоў таму, і шмат чаго бачыў за гэты час.

«Змяняліся грамадскія, палітычныя, ідэалагічныя абставіны, а святыня трывала. У ёй людзі пазнавалі праўды веры і ўтваралі жывы Касцёл як Містычнае Цела Езуса, — сказаў іерарх. — Калі б яе сцены маглі прамаўляць, то распавялі б пра шматлікія цуды аздараўлення душы і цела чалавека.

 

Маці Божая Шкаплерная стагоддзямі выпрошвала патрэбныя людзям ласкі. Была з намі ў часы росквіту веры. У часы ганенняў дапамагала захаваць веру. Тры дзесяцігоддзі таму ў новых умовах падземная рака веры вырвалася наверх, каб чалавек мог у поўнай меры ёй жыць. Ажыў і Гудагайскі санктуарый», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.

«Беларусь — гэта Марыйная зямля. Аднак штодзённае стаўленне сучаснага чалавека да веры выклікае сур’ёзныя сумневы да якасці нашага хрысціянскага жыцця і сапраўднасці нашай Марыйнай пабожнасці», — звярнуў увагу заслужаны іерарх.

Ён дадаў, што праз сакрамэнт хросту і канфірмацыі мы сталі сведкамі Езуса. «Дык чаму падтрымліваем абыякавыя да Бога і Касцёла ідэі секулярызму і маральнага рэлятывізму? Чаму згаджаемся з імі? Чаму не жывём паводле Евангелля? Чаму яго вучэнне не прысутнічае ў нашых штодзённых справах?» — задаў рытарычныя пытанні арцыпастыр, зазначыўшы пры гэтым, што «мы баімся запрасіць Езуса да сябе, каб цалкам і без абмежаванняў даверыцца Яму».

На заканчэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заахвоціў сабраных дазволіць Езусу ўвайсці ў нашыя душы, і завяршыў гамілію малітвай:

«Марыя, Ты выбрала для сябе старажытны Гудагай, каб тут шчодра выліваліся Божыя ласкі на Тваіх дзяцей. Ты ніколі не адварочваеш свайго міласцівага аблічча ад тых, хто з даверам і верай звяртаецца да Цябе. Давяраючы Табе, спадзяемся, што Ты і надалей будзеш выслухоўваць нас і дапаможаш сустрэцца з тваім Сынам Езусам Хрыстом, а старажытная Гудагайская святыня, у якой Ты валадарыш, будзе домам Бога і брамай неба для тых, хто да Цябе прыбягае».

Літургію ўначы ўпрыгожыў спевам музычны гурт праслаўлення Verbum Dei.

Больш здымкаў з сёлетняй урачыстасці ў Гудагаі — на старонках Catholic.by у сацыяльных сетках.

Абноўлена 19.07.2023 16:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.