Пошук

12.07.2023 10:25   Тэкст: Святлана Жылевіч / Фота: Ірыны Гайдамовіч / Waladarka.by / Catholic.by

У нядзелю 9 ліпеня біскуп Віцебскі Алег Буткевіч здзейсніў пасвячэнне новага алтара, а таксама благаславіў амбону ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў.

Як паведамляецца на сайце Браслаўскага санктуарыя Waladarka.by, абрад пасвячэння адбыўся падчас святой Імшы з удзелам вялікай колькасці вернікаў, цэлебрацыю якой у сваім родным касцёле ўзначаліў пастыр Віцебскай дыяцэзіі.

Як адзначыў на пачатку пробашч браслаўскай парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS, згодна з традыцыяй у алтары змешчаны рэліквіі святых: Сэвэрыяна — зажыва спаленага разам з жонкаю мучаніка ІІІ стагоддзя, успамін якога адзначаецца 23 студзеня, і Аматора — маладога святара з Іспаніі, які прыняў мучаніцкую смерць у ІX стагоддзі, чый успамін адзначаецца 30 красавіка.

У прамоўленай гаміліі біскуп Буткевіч засяродзіўся на значэнні алтара як знака сувязі з Богам. Іерарх адзначыў, што з даўніх часоў людзі будавалі алтар як месца пакланення і прынясення ахвяры. Ён заўважыў, што габрэі прыносілі Богу ў ахвяру найлепшую частку з таго, што мелі, вызнаючы, што іх жыццё залежыць не ад рэчаў, а ад Бога. Такім чынам, паводле біскупа, яны давяралі Яму сваё жыццё.

«Алтар з каменя — сімвал трываласці і моцы Божай. Гэта месца эўхарыстычнай ахвяры, праз якую мы ўваходзім у рэчаіснасць Божага Валадарства. А па-другое, алтар, як стол, збірае нас вакол сябе і яднае ў адну сям’ю», — падкрэсліў іерарх.

«Звычайны хлеб тут падчас кожнай святой Імшы ператвараецца ў Цела Езуса Хрыста.

Просім сёння, каб мы абудзіліся, каб цанілі і баранілі, як нашыя продкі, гэты вялікі дар і месца, куды можам прыйсці і памаліцца», — заахвоціў вернікаў біскуп Буткевіч.

Пасля гаміліі адбыўся абрад пасвячэння алтара.

Прамовіўшы адпаведную малітву, біскуп намасціў алтар алеем хрызмам, пасля чаго на ім было змешчана начынне з запаленым кадзілам, дым якога азначае прыемны водар малітваў і Найсвяцейшай Ахвяры, якая будзе складацца на алтары.

Потым алтар быў засцелены абрусам, а сёстры эўхарысткі, якія нясуць служэнне ў браслаўскай парафіі, паставілі перад ім і каля амбоны кветкі. Разам з ксяндзом пробашчам Станіславам біскуп Алег Буткевіч запаліў свечкі на алтары, пасля чаго на ім адбылася Эўхарыстыя.

 

Абноўлена 12.07.2023 10:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа