Пошук

08.07.2023 22:55   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

З 7 па 9 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Тракелях (Радунскі дэканат) праходзяць штогадовыя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Тракельскай, Каралевы нашых сем’яў.

На фэст, які сёлета адбываецца пад дэвізам: «Марыя, аб’яднай нашы сэрцы і сем’і», у першы дзень пешкі і на роварах прыбылі пілігрымы з розных мясцін Гродзенскай дыяцэзіі.

Найбольш шматлікай была пешая пілігрымка з Гродна, у якой узялі ўдзел больш за 250 пілігрымаў. Сёлетняя пілігрымка Гродна–Тракелі была юбілейнай, бо прайшла ўжо ў 25-ы раз.

Пешкі прыйшлі ў санктуарый таксама пілігрымы з суседніх Івейскага і Лідскага дэканатаў, з Воранава і з іншых мясцін. Акрамя таго, вялікая колькасць людзей прыбыла на Тракельскі фэст на транспарце.

Цэнтральная Імша ўрачыстасцяў адбылася ўдзень у суботу. У яе цэлебрацыі, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, узялі ўдзел іерархі з усіх дыяцэзій нашай краіны: біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. З іерархамі Эўхарыстую цэлебравалі каля паўсотні святароў: як дыяцэзіяльных, так і законнікаў.

На пачатку ўсіх удзельнікаў урачыстай цэлебрацыі прывітаў біскуп Кашкевіч.

Пастыр Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі адзначыў, што людзі прыходзяць да Маці Божай у цудадзейным тракельскім абразе, прыносячы да Яе свае радасці і смуткі, надзеі і расчараванні, гонар і сорам, перамогі і паражэнні…

Асаблівым чынам вернікі звяртаюцца да яе з просьбай аб міры, падкрэсліў іерарх, запрасіўшы арцыбіскупа Станеўскага ўзначаліць цэлебрацыю.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр засяродзіўся на тым, чаму вернікі пакліканы навучыцца ў Маці Божай, у гэтай «школе Марыі», якой з’яўляецца Яе Тракельскі санктуарый.

«Мае дарагія, на ўзор Марыі давайце будзем вучыцца маліцца ў цішыні.

Гэтак, як Марыя, будзем любіць праўду і сціпласць, а пачуўшы Яе наказ: „Зрабіце ўсё, што скажа вам Мой Сын Езус Хрыстус“, — усвядомім, што нашая пілігрымка ніколі не заканчваецца: яна шукае новых шляхоў, натхняе на новыя добрыя справы. Памятайце, што хрысціянамі не нараджаюцца — хрысціянамі становяцца, а таму кожны дзень мы павінны зноў і зноў станавіцца хрысціянамі, поўнымі даверу і салідарнасці, каб нашая вера перадавалася іншым», — заахвоціў удзельнікаў урачыстасці арцыпастыр.

Ён заўважыў, што сёння «больш, чым калі-небудзь, Касцёл павінен быць жывым, дынамічным, а значыць сінадальным.

Заставацца на месцы азначае быць абыякавымі. Быць пілігрымам азначае ўзрастаць у веры, пастаянна яе паглыбляць, прапаноўваць іншым, паказваючы прыгажосць Евангелля. Няхай нас не палохае той факт, што не заўсёды ў нас добра атрымліваецца крочыць за Езусам: складанасці нашага крочання, пераадоленыя спакусы чыняць нас мацнейшымі, нібыта глыбокія карані, што лепш сілкуюць дрэва, чым тыя, што на павярхні. Будзем жа дзейснымі і актыўнымі асобамі, а не абыякавымі спажывальнікамі.

Касцёл — гэта не „крама“; касцёл — гэта наш дом, а гэта значыць, мы сям’я; мы — браты і сёстры, бо маем аднаго Айца ў Небе і духоўную Маці Марыю», — сцвердзіў арцыбіскуп.

Узгадваючы словы Папы Францішка, скіраваныя Святым Айцом да духавенства Рымскай дыяцэзіі, іерарх яшчэ раз падкрэсліў, што Касцёл — гэта дом усіх вернікаў.

«Касцёл — гэта ваш дом, а дадому, туды, дзе мы ўбачылі гэты Божы свет; туды, дзе зрабілі першыя крокі і прамовілі словы „вера“ і „каханне“; туды, дзе адчулі лагодны дотык нашай матулі і ўпэўненасць у абароне таты, мы вяртаемся ахвотна. Больш за тое, мы шукаем нагоды, чакаем выходных і канікулаў, адпачынку ці проста магчымасці паехаць і пайсці, бо там мы адпачываем душою.

Мае дарагія, Касцёл — гэта супольнасць нашых шматвяковых і маладых, толькі што заснаваных парафій; гэта наш дом, наша сям’я. Пра гэта трэба памятаць, бо чалавек знаходзіцца там, дзе яго думкі і мары.

Аб чым ты марыш, католік Беларусі? Дзе знаходзіцца тваё сэрца? Ці выказаў ты ўжо свае просьбы перад Маці Тракельскай, ці прытуліўся да Яе сэрцам і ці ўкленчыў? Знайшоў сваё месца? Мае дарагія, яно тут. Богам дадзенае, і зададзенае як наказ ад Бога: чыніце гэтую зямлю падданай сабе: не зважаючы на супраціўны вецер, не забывайцеся пра свае палеткі…

Гэта не старая бацькоўская хата пахілілася: гэта нашая памяць выветрылася. Гэта не стары бацькоўскі абраз Тройцы Святой не пасуе на сцяне маёй кватэры: гэта мой вобраз Бога несапраўдны. А яблык з дзедавай яблыні зусім не кіслы: ён проста задоўга быў спажываю для дзікай жывёлы і птаства…» — нагадаў іерарх пра карані, ад якіх ніколі ніхто не мае права адмовіцца, каб не згубіць сваёй духоўнай тоеснасці.

«Няхай жа Каралева нашых сем’яў, якую мы ўшаноўваем у тракельскім абразе, нястомна атуляе нас плашчом мацярынскай апекі, як было спрадвеку, цяпер і заўсёды ў будучыні. Няхай жа так будзе. Амэн», — завяршыў гамілію малітоўным заклікам арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

На заканчэнне святой Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч уручыў дыплом падзякі старшыні Воранаўскага райвыканкама Дзмітрыю Захарчуку за падтрымку і дапамогу кусташу санктуарыя ў Тракелях ксяндзу каноніку Юрыю Бяганскаму ў тым, каб гэтае святое месца з кожным годам станавілася ўсё прыгажэйшым.

Прадстаўнік мясцовай улады, са свайго боку, павіншаваў усіх прысутных са святам у гонар Маці Божай Тракельскай, адзначыўшы, што яно з’яўляецца выразам вернасці жыхароў Воранаўшчыны хрысціянскім традыцыям продкаў.

Пасля Імшы святочны настрой удзельнікам урачыстасці яшчэ больш узняў яркі выступ узорнага духавога аркестра Парэцкай дзіцячай музычнай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Валерыя Сака. Віртуознае выкананне папулярных мелодый з харэаграфічным суправаджэннем пакінула цудоўнае ўражанне ў многіх удзельнікаў урачыстасці ў санктуарыі Маці Божай Тракельскай, Каралевы нашых сем’яў.

 

Абноўлена 08.07.2023 23:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.