Пошук

27.06.2023 08:08   Тэкст: Ганна Шаўчэнка / Catholic.by

Для тых, хто церпіць ад хваробы, змагаецца з немаччу і болем, а таксама для тых, чые блізкія хварэюць, прызначаны малітоўнік «Умацуй, Пане», які пабачыў свет у выдавецтве «Pro Christo».

Тут змешчаныя малітвы аб аздараўленні, аб вытрываласці і адвазе ў цярпенні, аб дапамозе ў самых складаных сітуацыях, звязаных з хваробаю і лячэннем. У кнігу ўключаныя таксама літаніі і навэнны, у тым ліку праз заступніцтва Маці Божай і шматлікіх святых, якія сваім жыццём давалі прыклад пакорнай цярплівасці і даверу да Божай волі (святы Рох, святы Шарбэль, святы айцец Піо, святы Перэгрын, святы Каміл, святы Себасцьян і іншыя).

«Цярпенне, якое прымаецца з верай, становіцца як бы брамай, якая вядзе ў таямніцу адкупленчага цярпення Хрыста. Такое цярпенне ўжо не пазбаўлена спакою і шчасця, бо яно асветлена ззяннем уваскрасення», — напісаў святы Ян Павел ІІ у апостальскім пасланні «Salvifici Doloris», урывак з якога служыць у якасці прадмовы да выдання. Аднак нават веруючаму чалавеку няпроста прыняць цярпенне так, каб яно сапраўды асвятлілася гэтым ззяннем; каб ярмо хваробы стала прыемным, а цяжар — лёгкім (пар. Мц 11, 30). Толькі пастаянная малітва зможа засцерагчы чалавека ад роспачы і страху перад цярпеннем, адорыць надзеяй і суцяшэннем, прывядзе да перамены сэрца.

Хворыя людзі, як і старыя — гэта скарб Касцёла, бо яны могуць ахвяраваць свае цярпенні і фізічныя немачы Богу.

Малітоўнік за хворых «Умацуй, Пане» можна будзе набыць падчас Будслаўскага фэсту ў кіёсках вядавецтва «Pro Christo».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця