Пошук


У нядзелю 11 чэрвеня, наступную пасля ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая святкавалася ў чацвер, па вуліцах Мінска прайшла традыцыйная Эўхарыстычная працэсія.

Раніцай духавеннства, кансэкраваныя асобы і вернікі з усіх парафій беларускай сталіцы сабраліся каля касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы.

На палявым алтары, усталяваным побач з залатагорскай святыняй, адбылася цэлебрацыя святой Імшы, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Разам з прадстаўніком Папы Францішка ў нашай краіне маліліся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральныя вікарыі архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама больш за два дзясяткі душпастыраў, якія нясуць служэнне ў сталіцы, у тым ліку і з грэка-каталіцкай супольнасці.

 

На пачатку Эўхарыстыі нунцый Ёзіч заахвоціў вернікаў да асаблівай малітвы за Святога Айца Папу Францішка, які нядаўна перанёс аперацыю і цяпер знаходзіцца ў шпіталі.

Гамілію прамовіў біскуп Ккасабуцкі, які засяродзіўся на велічы Божага дару, які Езус Хрыстус пакінуў Касцёлу ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Вера ў Яго рэальную прысутнасць у Эўхарыстыі ажыўляла многія пакаленні хрысціянаў, а ўрачыстая працэсія з Целам Хрыста з’яўляецца ўзнёслым выразам, маніфестацыяй гэтай веры, заўважыў іерарх.

На заканчэнне святой Імшы да сабраных на Залатой Горцы вернікаў звярнуўся арцыбіскуп Станеўскі. Перад пачаткам працэсіі арцыпастыр заахвоціў удзельнікаў усе свае думкі і памкненні ў гэты час скіраваць да Хрыста, прысутнага ў белай Гостыі.

Тут жа на палявым алтары адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і першы прыпынак Эўхарыстычнай працэсіі, якая з Залатой Горкі рушыла ў бок плошчы Перамогі. На пачатку шэсця неслі крыж, далей ішлі мужчыны з касцёльнымі харугвамі, а таксама прадстаўнікі каталіцкіх рухаў і супольнасцяў са сваёй сімволікай; дзеці ў белых строях неслі падушачкі з рэлігійнай атрыбутыкай

Чатыры святары неслі трон з усталяванай на ім манстранцыяй з Целам Хрыста, перад якім дзяўчынкі пасыпалі пялёсткі кветак са словамі малітвы, якую анёлы ўдзень і ўначы няспынна ўзносцяць перад Божым Тронам: «Святы, святы, святы, Пан Бог Усемагутны».

За Хрыстом у Эўхарыстыі ішлі шматлікія вернікі, многія — цэлымі сем’ямі, у тым ліку з маленькімі дзецьмі. Людзі маліліся, спявалі пасальмы і рэлігійныя спевы, праслаўляючы імі Бога.

Калі працэсія выйшла на плошчу Перамогі, духавенства з Найсвяцейшым Сакрамэнтам прайшло на цэнтр, да манумента, дзе побач з Вечным агнём быў усталяваны другі алтар, а ўсе астатнія ўдзельнікі засталіся на ходніках. Пасля прачытанага Евангелля кусташ Беларускай кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў брат Сяргей Мацюшонак OFMCap прамовіў казанне, у якім асаблівым чынам падкрэсліў аспект камуніі — еднасці Бога з чалавекам і братняй еднасці людзей паміж сабою, які цудоўным чынам выяўляецца і актуалізуецца ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Перайшоўшы па мосце праз Свіслач, удзельнікі працэсіі скіраваліся па праспекце Незалежнасці да Кастрычніцкай плошчы, дзе быў усталяваны трэці алтар. Там, каля палаца Рэспублікі, у ганаровай варце перад Езусам у Эўхарыстыі стаялі юныя ўдзельнікі каталіцкага скаўцкага руху ў сваёй адметнай форме і са штандарам, ня якім змешчана выява скаўцкай лілеі — сімвала Маці Божай на фоне крыжа. Пасля прачытанага Евангелля да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуўся біскуп Яшэўскі, які прамовіў казанне. У ім іерарх перадусім заўважыў, што Эўхарыстыя — гэта самая вялікая таямніца і найбольшы дар, які Бог пакінуў людзям на зямлі.

«Хто не разумее Эўхарыстыі, не разумее сутнасці хрысціянства, а той, хто жыве Эўхарыстыяй, крочыць да збаўлення шляхам веры», — падкрэсліў біскуп. Дадаўшы, што Найсвяцейшы Сакрамэнт — гэта рэальная праява любові Бога, які застаецца з намі ажно да сканчэння веку, біскуп Яшэўскі сцвердзіў, што без удзелу ў Эўхарыстыі няма рэлігійнага жыцця, і заахвоціў вернікаў да актыўнага ўдзелу ў святой Імшы.

Апошні, чацвёрты алтар быў падрыхтаваны каля мінскага катэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі. Цэнтральны фасад галоўнай святыні архідыяцэзіі ўпрыгожвала копія абраза Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі, 25-годдзе з часу каранацыі якога адзначаецца сёлета. Пасля прачытанага Еавангелля ўсіх удзельнікаў працэсіі благаславіў Найсвяцейшым Сакрамэнтам арцыбіскуп Станеўскі.

Падзякаваўшы Богу за гэты дзень, калі Езус сам у постаці Эўхарыстычнага Хлеба прайшоў па вуліцах Мінска, арцыпастыр заахвоціў вернікаў быць апосталамі нашага часу, каб дзяліцца гэтым Хлебам Жыцця з усімі і наталіць духоўны голад тых, хто яшчэ не спазнаў і не прыняў Хрыста як свайго Збаўцу і Пана.

На заканчэнне арцыбіскуп Юзаф Станеўскі выказаў падзяку ўсім удзельнікам працэсіі, перадусім прадстаўніку Папы Францішка ў нашай краіне нунцыю Антэ Ёзічу. Іерарх асабліва падзякаваў тым, хто прычыніўся да арганізацыі працэсіі, а таксама медыцынскім супрацоўнікам і прадстаўнікам праваахоўных органаў, якія суправаджалі шэсце і забяспечвалі парадак падчас яго правядзенння.

Больш фота — на старонках Catholic.by у сацыяльных сетках.

       
Абноўлена 11.06.2023 21:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа