
У чацвер 8 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узяў удзел у парафіяльным адпусце ў парафіі Божага Цела ў Мінску, дзе душпастырскае служэнне нясуць айцы кармэліты босыя.
Заслужаны іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, на якой сабраліся кармэліты з розных мясцін, вернікі парафіі і госці з іншых супольнасцяў сталіцы.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу на тое, што, устанаўліваючы Эўхарыстыю падчас Апошняй Вячэры, Езус выканаў абяцанне даць людзям хлеб вечнага жыцця і быць з імі да канца часоў.
«Езус знаходзіцца з намі ў Святым Пісанні і сакрамэнтах, але асабліва ў сакрамэнце Эўхарыстыі — сакрамэнце любові і еднасці», — падкрэсліў арцыпастыр. Ён узгадаў, што яшчэ адносна нядаўна ў Мінску быў толькі адзін маленькі касцёл на Кальварыйскіх могілках, дзе цэлебравалася толькі некалькі Імшаў у нядзелю.
«На свята Божага Цела святар адзін ішоў па вуліцах сталіцы, маліўся пры чатырох уяўных алтарах і благаслаўляў горад і жыхароў Найсвяцейшым Сакрамэнтам, які знаходзіўся ва ўнутранай кішэні яго пінжака. Сёння ў сталіцы Беларусі ў нядзелю цэлебруецца каля 50-і Імшаў. Гэта вялікі дар Бога, які ў святой Камуніі яднаецца з намі», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч, дадаўшы, што «сёння, ва ўрачычстасць Цела і Крыві Езуса, наш Пан у Эўхарыстыі пакідае сцены касцёлаў і капліц і ідзе па вуліцах і плошчах гарадоў і вёсак».

Пры гэтым заслужаны іерарх зхаўважыў, што мы самі часам не дазваляем Езусу ўвайсці ў нашае жыццё і быць з намі
«Замест таго, каб быць сапраўднымі хрысціянамі, у сэрцах якіх жыве Бог, мы нярэдка з’яўляемся „хрысціянамі без Хрыста“. Гэта і абыякавасць да ўдзелу ў нядзельнай і святочнай Імшы, і адсутнасць малітвы. і незахаванне Божага закона: разведзеныя сем’і, сем’і толькі з адным з бацькоў, сумеснае жыццё мужчыны і жанчыны без шлюбу, аборты — забойствы зачатага жыцця, — колькасць якіх з кожным годам расце і вядзе да генацыду народа. Гэта такое жыццё, як быццам Бог не існуе, а калі Ён не існуе, то ўсё дазволена і няма патрэбы ні ў якіх маральных нормах, у выніку чаго распаўсюджваецца амаральнасць. У апошні час да традыцыйнай бяды алкагалізму дадалася наркаманія, што вядзе да яшчэ большай маральнай дэградацыі», — пералічыў арцыбіскуп найбольш вострыя праблемы сучаснага беларускага грамадства.
Паводле яго, дапамагчы справіцца з гэтымі «грахоўнымі паталогіямі» можа толькі Езус Хрыстус, які прыходзіць да нас у сакрамэнтах і асабліва ў Эўхарыстыі.

«Недастаткова купіць лекі і паставіць іх на паліцу: каб вылечыцца, трэба іх прымаць.
Падобна і з Эўхарыстыяй: неабходна прымаць у ёй удзел, каб мець гэты духоўны лек і ім карыстацца, а таксама будаваць Касцёл як Містычнае Цела Езуса Хрыста — адзінага Збаўцы свету», — падкрэсліў арцыпастыр.
На заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў штонядзелі і ў святы удзельнічыць у Эўхарыстыі, каб прымаць гэтую «выпрабаваную стагоддзямі „вакцыну“ ад маральных паталогій з мэтай быць духоўна здаровымі».
Пасля Імшы вакол касцёла адбылася Эўхарыстычная працэсія да чатырох алтароў. Ёй не пашкодзіў нават невялікі дождж, што раптоўна наляцеў, але неўзабаве з-за хмар зноў засвяціла сонейка, граючы сваімі промнямі на залачоных промнях манстранцыі з Целам Хрыста, якой арцыбіскуп благаславіў удзельнікаў урачыстасці.





































