Пошук

19.10.2016 00:00   Ілья Лапато / Catholic.by

Пераезд ў іншы горад або краіну на вучобу, працу ці пастаяннае месца жыхарства можа прывесці да таго, што ў новым асяроддзі чалавек забывае пра Бога і Касцёл.

У Варшаве студэнцкай моладзі з Усходняй Еўропы не страціць сувязь з Богам дапамагае каталіцкае душпастырства «Opoka».

Пра дзейнасць душпастырства і яго плён у новым выпуску «Хрысціянскага сёння» распавядае Марыя Ануфрыева з парафіі Св. Вацлава ў Ваўкавыску.

«Opoka» як скала

З польскай мовы слова «Opoka» перакладаецца як «камень», «скала». Сваю назву душпастырства атрымала ў 2007 годзе, калі польскі святар Мар'юш Ільяшэвіч вырашыў увасобіць у жыццё ідэю душпастырства для моладзі з Беларусі, Украіны, Расіі, Літвы, Казахстана i Польшчы.

Сёння суполка налічвае больш за 100 чалавек. Кіруе душпастырствам кс. Лешэк Крыжа TСhr, а дапамагае яму ўраджэнка Беларусі с. Наталля Букоўская MChr.

У працы душпастырства актыўны ўдзел бяруць і беларусы. На кожнай сустрэчы іх амаль палова ад агульнай колькасці ўдзельнікаў. Як адзначае Марыя Ануфрыева, сярод іх — вернікі амаль усіх дыяцэзій Беларусі, у прыватнасці маладыя католікі з Гродна, Ліды, Ваўкавыска, Мінска, Магілёва, Воўпы, Брэста і г.д.

У кожнай з сустрэч прымае ўдзел каля 20 маладых людзей, якія штотыдзень збіраюцца на супольную святую Імшу. Часта на сустрэчах можна пабачыць і гасцей, якія дзеляцца гісторыяй сваёй веры.

Два разы на год, падчас Адвэнту і ў Вялікі пост, для моладзі «Opoka» арганізоўваюцца рэкалекцыі.

«Opoka» як сям'я

Як распавядае Марыя, сапраўдным благаслаўленнем душпастырства з’яўляюцца сем’і, якія ўзніклі ўнутры душпастырства за амаль дзесяць гадоў яго працы. Ёсць сярод іх і беларусы.

«Адны знаходзілі тут сваіх нарачоных, іншыя прыводзілі другую палову і такім чынам умацоўвалі і паглыблялі свае стасункі, — дзеліцца Марыя. — Цікавая гісторыя і беларускіх дзяўчыны і хлопца, якія пазнаёміліся менавіта ў нас і пабраліся шлюбам. Многія з такіх сем’яў ужо маюць дзяцей».

Не забываюцца ўдзельнікі душпастырства «Opoka» і пра родныя парафіі, расказваючы пра развіццё Касцёла ў сваіх краінах падчас агульнапольскай акцыі па зборы сродкаў на патрэбы Касцёла на Усходзе.

«Я падчас гэтай акцыі расказвала пра Беларусь на адным з польскіх нацыянальных тэлеканалаў», — прыгадвае Марыя Ануфрыева.

Сярод дзейнасці супольнасці ў апошні час — паспяховая акцыя «Білет для брата», калі перад Сусветнымі днямі моладзі ў Кракаве польская моладзь збірала сродкі на пакеты пілігрымаў і грошы на дарогу для моладзі з Усходняй Еўропы.

Марыя прызнаецца, што «Opoka» для моладзі — не проста каталіцкая суполка. І пацвярджае гэта словамі адной з удзельніц душпастырства ўкраінкі Вікторыі.

«Калі я далучылася да суполкі, то яна стала для мяне своеасаблівай сям'ёй, у якой я заўсёды пачуваюся вельмі добра, — апавядае Вікторыя. — Тут я сустрэла шмат добрых і цікавых людзей з жыццёвымі каштоўнасцямі, падобнымі да маіх. Наша суполка — гэта месца, дзе можна развівацца духоўна і адначасова выдатна бавіць час!»

Для тых, хто ў Варшаве

Сустрэчы душпастырства «Opoka» для моладзі з Усходняй Еўропы ў Варшаве праходзяць кожны чацвер пасля святой Імшы ў 19.00 у капліцы Res Sacra Miser на Кракаўскім Прадмесці, 62.

«А яшчэ мы ладзім супольныя вечарыны, наведваем розныя цікавыя мясціны — Чанстахову, Будапешт, Парыж, ездзім у горы, сплаўляемся на байдарках. У нас весела, але галоўнае, што ўсіх нас яднае вера ў Хрыста», — заключае Марыя.

Падрабязней пра душпастырства «Opoka» можна даведацца на старонцы «Opoka» у Facebook.

Марыя Ануфрыева, апрацаваў Ілья Лапато
Ад рэдакцыі: калі ў вас ёсць ідэі для праекта «Хрысціянскае сёння», пішыце на адрас info@catholic.by

Абноўлена 18.08.2025 19:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.