27 мая, у вігілію ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, у базыліцы Адшукання Святога Крыжа і Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі на Яснай Гары ў Чэнстахове (Польшча) дзесяць дыяканаў Ордэна святога Паўла, Першага пустэльніка (паўліны), прынялі пасвячэнне ў ступені прэзбітэрату.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, новымі прэзбітэрамі сталі сем палякаў, славак, харват і беларус Сяргей Калюта OSPPE, які паходзіць з ваўкавыскай парафіі святога Вацлава ў Ваўкавыску (Гродзенская дыяцэзія).
Пасвячэнне ўдзяліў дапаможны біскуп Чэнстахоўскай архідыяцэзіі Анджэй Пшыбыльскі.
У Імшы, на якой адбылося пасвячэнне, удзельнічалі дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, айцы паўліны з Беларусі, блізкія і знаёмыя новых святароў.
«Будзьце супольнасцю, пра якую кажа Біблія, маючы на ўвазе арфу з дзесяццю струнамі, у якой прыгожы гук. Будзьце прыпавесцю ўзаемнай любові, сябрамі Езуса і людзей», — заклікаў біскуп Пшыбыльскі новапасвячаных прэзбітэраў.
Айцец Сяргей Калюта OSPPE нарадзіўся ў 1997 г. у Ваўкавыску. Там жа ў касцёле св. Вацлава ў 2008 г. прыняў Першую святую Камунію.
Фармацыю да святарства распачаў у 2015 г. у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
У 2016 г. быў прыняты ў Ордэн паўлінаў. Пасля завяршэння навіцыяту 8 верасня 2017 г. прынёс першыя манаскія абяцанні. Вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі айцоў паўлінаў у Кракаве.
25 сакавіка 2022 г., ва ўрачыстасць Звеставання Пана, на Яснай Гары ў Чэнстахове прынёс вечныя манаскія абяцанні на выключнае Божае служэнне ў Ордэне св. Паўла, Першага пустэльніка. Пасвячэнне ў ступені дыяканату прыняў 7 мая 2022 г. ў базыліцы св. Міхала Арханёла і св. Станіслава ў Кракаве (Польшча).