Пошук

29.05.2023 15:14   Тэкст: Канстанцін Каральчук / Фота: Аляксей Бладыка, Ганна Шумовіч / Catholic.by

27 мая, у апошнюю суботу месяца, які асаблівым чынам прысвечаны Маці Божай, у Брэсце (Пінская дыяцэзія) адбылася ўрачыстасць у гонар Маці Божай Брэсцкай. Сёлета ў святкаванні ўзяў удзел Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

Урачыстасці ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа, што побач з цэнтральнай плошчай Брэста, распачаліся старадаўняй візантыйскай малітвай — Акафістам да Найсвяцейшай Багародзіцы.

Набажэнства правялі вернікі Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з Апостальскім адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам.

Наступным пунктам малітоўнай праграмы стаў супольны Ружанец, які правяла парафіяльная моладзь.

Пасля гэтага сабраныя вернікі, у тым ліку дзеці, разам з пробашчам парафіі ксяндзом Антоніем Анціпенкам прывіталі Апостальскага нунцыя, які прыбыў у суправаджэнні пастыра Пінскай дыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янкі.

Прывітальныя словы да прадстаўніка Папы Францішка ў нашай краіне скіравалі адна з сем’яў мясцовай парафіяльнай супольнасці, пробашч парафіі, біскуп Дзям’янка, а таксама нядаўна прызначаны старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей Лабадзінскі.

У сваім прывітальным слове мэр падкрэсліў важнасць падзеі і выказаў падзяку нунцыю Ёзічу за прыезд.

Прадстаўнік гарадской улады падараваў прадстаўніку Папы памятны медаль з гербом горада Брэста, які нядаўна адсвяткаваў сваё тысячагоддзе.

Пасля прывітальных словаў распачалася цэлебрацыя святой Імшы, у якой узялі ўдзел святары з розных парафій Пінскай дыяцэзіі, духавенства Грэка-Каталіцкай Царквы, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі мясцовай ўлады на чале з мэрам города, а таксама шматлікія парафіяне і госці.

У прамоўлінай гамілі Апостальскі нунцый засяродзіўся на асаблівай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, падкрэсліўшы, што горад Брэст мае дзве крэпасці: адна — гэта Брэсцкая крэпасць-герой, а другая — духоўная крэпасць у выглядзе цудадзейнага абраза Маці Божай Брэсцкай.

Напрыканцы Імшы Папскі прадстаўнік благаславіў вуглавы камень будучага касцёла святога Казіміра, які будуецца ў Вульцы — паўднёва-заходнім мікрараёне Брэста.

На заканчэнне літургіі нунцый Ёзіч перадаў падарункі ад Папы Францішка біскупу Дзям’янку, пробашчу мясцовай парафіі і мэру горада.

Пасля благаслаўлення святары на чале з Апостальскім нунцыем прайшлі да абраза Багародзіцы, які змешчаны у бакавым алтары касцёла.

Там прадстаўнік Папы Францішка ўзнёс малітву падзякі Богу за тое, што меў магчымасць маліцца разам з вернікамі Брэста, а таксама праз заступніцтва Маці Божай скіраваў просьбу аб міры і супакоі для Беларусі і ўсяго свету.

Апошнім пунктам урачыстасці ў Брэсце стаў канцэрт арганай музыкі, які падаравала ўдзельнікам свята арганістка Ірына Арлоўская.

 

Абноўлена 29.05.2023 15:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця