Пошук

26.05.2023 10:57   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

22 мая ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбыўся дзень засяроджання для святароў, законных сясцёр і свецкіх катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі.

Як адзначае Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, сустрэча ў Тракельскім санктуарыі стала нагодай падзякаваць Пану Богу за 32 гады пастырскага служэння на чале дыяцэзіі біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча i за 47 гадоў з часу яго прэзбітэрскага пасвячэння, а таксама за 2022–2023 катэхетычны год, які падыходзіць да завяршэння.

Шматлікія ўдзельнікі — духавенства, законныя сёстры, свецкія катэхеты — выслухалі канферэнцыю «Надзея ў жыцці хрысціяніна», якую прамовіў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч.

Святар падкрэсліў, што надзея — важная цнота ў хрысціянскім жыцці, якое з’яўляецца няпростай пілігрымкай у гэтым свеце ў дом Айца.

«Мы зносім разнастайныя жыццёвыя выпрабаванні, і менавіта дзякуючы надзеі чалавек спадзяецца, што атрымае ад Бога ўсё тое, што неабходна для дасягнення вечнага збаўлення», — адзначыў ксёндз Мацкевіч.

Па словах Генеральнага вікарыя, хрысціянская надзея з’яўляецца даверам Божаму Провіду і засноўваецца не на жыццёвых ілюзіях, памылковых прычынах або няправільных падставах, а нa самім Богу, асабліва на Яго ўсемагутнасці, вернасці і міласэрнасці.

«Надзея глядзіць перш за ўсё ў будучыню, хоць датычыцца сённяшняга дня. Мы спадзяемся, што атрымаем ад Бога ўсё, што патрэбна для дасягнення жыцця вечнага», — сказаў ксёндз Аляксандр.

Ксёндз Андрэй Шчупал CSsR, дырэктар Аддзела навучання і выхавання Гродзенскай курыі, з нагоды блізкага завяршэння катэхетычнага года прадставіў справаздачу аб катэхізацыі ў мясцовым Касцёле.

Святар нагадаў пра найважнейшыя падзеі, якія праходзілі з удзелам катэхетаў у гэтым навучальным годзе, і прадставіў статыстыку аб удзеле дзяцей і моладзі ў катэхізацыі ў паасобных дэканатах.

Цэнтральнай падзеяй дня стала святая Імша падзякі, цэлебрацыю якой на палявым алтары ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

На пачатку літургіі, якую разам з духавенствам Гродзенскай дыяцэзіі цэлебраваў Апостальскі адміністратар католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, іерарх нагадаў, што месяц май — асаблівы час, каб выразіць удзячнасць Богу. Як падкрэсліў Гродзенскі біскуп, у гэты час мы дзякуем Пану за дзяцей, якія ўпершыню прыступаюць да эўхарыстычнага стала, і за моладзь, якая ўзбагачаецца дарамі Духа Святога ў сакрамэнце хрысціянскай сталасці — канфірмацыі.

Пастыр Касцёла Гродзенскай дыыяцэзіі дадаў, што для многіх святароў і кансэкраваных асобаў гэта нагода падзякаваць Богу за дар святарскага ці кансэкраванага жыцця ў чарговую гадавіну яго распачацця.

Таму, адзначыў іерарх, ён сам прыбывае з патрэбы сэрца ў гэтае святое месца, каб дзякаваць Пану, праз Марыю і разам з Ёю, за дар жыцця і ўсе атрыманыя ласкі, асабліва за 32 гады біскупскага служэння.

Біскуп цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне, асаблівым чынам за духоўных асоб і катэхетаў, якія першыя даюць прыклад жывой веры і ўказваюць іншым вернікам дыяцэзіі шлях да Бога.

Гамілію прамовіў ксёндз Віталій Сідорка, пробашч маладой лідскай парафіі святога Юзафа, рамесніка, і благаслаўлёных сясцёр назарэтанак, мучаніц з Навагрудка. Сваё разважанне над Божым словам, прапанаваным Касцёлам на гэты дзень, ён прысвяціў тэме «Сустрэча з нясталым хрысціянствам — шанц перадаць веру ў Бога».

Святар адзначыў, што нясталыя хрысціяне — гэта «людзі пустога сэрца». «Мне здаецца, што, нягледзячы на шматвяковую гісторыю існавання хрысціянскага асяроддзя, культуры і ментальнасці, мы ўвесь час маем магчымасць сустрэчы з такога роду з’явамі», — сказаў ён. Ксёндз Віталій нагадаў пра тых, для каго сацыяльныя сеткі, а не вучэнне Касцёла, становяцца аўтарытэтным асяроддзем пошуку адказаў, пра павярхоўныя адносіны бацькоў да рэлігійнага выхавання дзяцей.

Па словах святара, важна памятаць, што той, хто прапаведуе Евангелле, павінен быць «сведкам веры і ахоўнікам памяці пра Бога», мець досвед «дабра і праўды Евангелля ў сваёй сустрэчы з асобай Езуса».

На заканчэнне Імшы з віншаваннямі да біскупа Гродзенскага звярнуўся ксёндз канонік Станіслаў Лабан, пробашч парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Беняконях (Радунскі дэканат), які сёлета адзначае свой залаты юбілей. Ад імя ўсіх, хто ўтварае дыяцэзію, святар выказаў іерарху словы падтрымкі і запэўнення ў малітве за свайго пастыра.

Таксама віншаванні біскупу выказаў ксёндз Дзяніс Крываносаў SAC, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Германішках (Радунскі дэканат), нядаўна выбраны раднікам для Гродзенскай дыяцэзіі Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.

Перш, чым удзяліць благаслаўленне, біскуп Кашкевіч падзякаваў усім за прысутнасць, падкрэсліўшы, што вельмі рады магчымасці правесці цудоўны і важны для яго дзень гадавіны біскупскага пасвячэння ў гэтым прыгожым, дарагім яго сэрцу санктуарыі.

Карыстаючыся нагодай, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў за дар малітвы ў яго інтэнцыі не толькі ў гэты дзень, але і на працягу ўсяго яго служэння.

 

Абноўлена 26.05.2023 11:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця