Пошук

17.05.2023 11:44   Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

15 мая ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску адбылася заключная сустрэча першага года адукацыйнага праекту, скіраванага на павышэнне асабістых кампетэнцый кансэкраваных асоб.

На майскай сустрэчы каманды ў выглядзе прэзентацый прадставілі вынікі сваёй працы па кірунках дзейнасці за першы год навучання. Наведалі сустрэчу таксама і ганаровыя госці: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і яго папярэднік, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Перад пачаткам сустрэчы ўсіх прысутных прывітаў галоўны каардынатар праекту ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Салезіянін падкрэсліў вялікую важнасць прысутнасці на мерапрыемстве іерархаў, бо, паводлде яго, гэтая падтрымка і ёсць духоўнай лучнасцю з мясцовым Касцёлам, а таксама пажадаў камандам поспехаў падчас прэзентацый. Пасля куратар праекту і мадэратар сустрэчы Андрэй Каралёў азнаёміў усіх з рэгламентам і парадкам правядзення сустрэчы.

Шэсць каманд прадставілі прэзентацыю сваёй працы па наступных кірунках: катэзізацыя, прафесійнае душпастырства медыкаў, праца са СМІ, праца з моладдзю і праца з сем’ямі.

Каманды дзяліліся сваімі напрацоўкамі, праблемамі, якія існуюць у згаданых сферах, а таксама асабістым вопытам. Пасля кожнай прэзентацыі адбывалася дыскуссія, у якой актыўны ўдзел прымалі іерархі. Яны задавалі спікерам пытанні, дзяліліся сваімі ўражаннямі ад прэзентацый і рабілі каштоўныя заўвагі.

Калі завяршылася выступленне ўсіх каманд, кампетэнтнае журы, якое складалася са спікераў праекту і прадстаўнікоў Каардынацыйнай групы вышэйшых манаскіх настаяцеляў, паставіла свае адзнакі за прэзентацыі і выкананую працу. Кожная каманда атрымала з рук арцыбіскупа Станеўскага сертыфікат на супольнае правядзенне часу на розных камандаўтваральных мерапрыемствах.

Арцыпастыр падзякаваў усім за ўдзел у праграме і пажадаў поспехаў на наступны навучальны год.

«Паразы, якія мы пераадолелі, з’яўляюцца часткай поспеху. Таму не бойцеся, адважвайцеся, бо шчасце само не прыходзіць: да яго трэба ісці. Усім вам Божага благаслаўлення, працуйце і вучыцеся», — падбадзёрыў арцыбіскуп Станеўскі удзельнікаў праекту.

Напрыканцы сустрэчы ксёндз Віктар Гайдукевіч ад імя арганізацыйнага камітэту ўручыў невялікія падарункі іерархам і членам журы.

Сястра Марцэліна Мігач ISSM распавяла пра тую вялікую працу, якая была праведзена дзеля таго, каб адукацыйны праект стаў рэальнасцю, і падзякавала ўсім тым, хто дапамагаў у гэтай справе, асабліва ксяндзу Віктару Гайдукевічу і сястры Вікторыі Чэкан.

Завяршылася мерапрыемства супольнай Эўхарыстыяй.

Удзельнікі сустрэчы дзеляцца ўражаннямі

  • Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

– Якія Вашыя ўражанні ад сённяшняй сустрэчы?

– Самыя пазітыўныя. Узнёслыя думкі, якія бываюць пасля такіх працоўных сустрэч, калі збіраюцца аднадумцы, якія ідуць да рэалізацыі плана аднолькава. Заўсёды цяжка распачаць, але калі ўжо справа пайшла, і мы бачым, што ўдзельнікі падзяліліся вынікамі сваёй працы, якая ўражвае. Добра, што нешта такое з’явілася ў нас і будзе працягвацца; будзе яшчэ і другі год, і трэці год і, спадзяюся, што гэта будзе на пастаяннай аснове.

– Чаго вы чакаеце ад гэтага праекту? Які плён можа атрымаць Каталіцкі Касцёл на Беларусі?

– Кожная душпастырская ініцыятыва патрабуе часу: цяжка, каб ужо сёння-заўтра мы ўбачылі нейкія плады.

Нельга сказаць, што мы распачалі нешта новае, чаго ніколі не было. Гэтыя душпастырскія ініцыятывы існавалі, але цяпер адбываецца мабілізацыя ўсіх сіл: як кажуць, адзін у полі не воін, але еднасць у разнастайнасці. І таму чаканні, што будуць распрацаваныя канкрэтныя праекты, праграмы, каб потым іх рэалізоўваць сумесна. І гэта сустрэча менавіта розных харызмаў, розных законаў: і жаночых, і мужчынскіх; яна паказвае адзінства, а таксама ўзаемнае ўзбагачэнне. І мяркуем, што гэтая праца ўзбагаціць наш Касцёл, нашых вернікаў на Беларусі.

  • Сястра Міхаліна Маркевіч

– Чым прывабны гэты праект? Дзе ўдзельнікі знаходзяць матывацыю наведваць заняткі і выконваць хатняе заданне?

– Хацелася б сказаць, што гэта ў першую чаргу супольнасць: супольнасць людзей, супольнасць кансэкраваных асоб, якія жадаюць змяняць сябе, змяняць якасць свайго служэння; шукаюць розныя спосабы, якім чынам можна дапамагчы таксама ў Касцёле; што я магу зрабіць каб супольнасць Касцёла і мая паслуга ў гэтым Касцёле была лепшай, больш якаснай. Па другое, канечне, гэта веды, якія вучаць быць адказнымі, крэатыўнымі, дапамагаюць заўважаць пэўныя праблемы ў нашай рэчаіснасці і гэтыя праблемы вырашаць.

І напэўна, гэта таксама магчымасць супольнай працы, якая павінна прынесці карысць не толькі для мяне, для маёй супольнасці, а таксама для Касцёла на Беларусі і тых людзей, якім маем гонар і ласку служыць.

Што датычыцца матывацыі, то гэта асаблівым чынам тое, што ты бачыш вынікі гэтай працы, што ты ведаеш пэўныя стратэгіі, пэўныя формы, пэўнае мысленне, якое дапамагае больш якасна працаваць у гэтай сферы. Гэта тое, што дапамагае тады, калі чалавек жудасна заняты, калі ў яго шмат абавязкаў і трэба выканаць гэтае хатняе заданне, то ты разумееш, што гэта хатняе заданне патрэбна толькі табе і нікому больш, і таму як ты яго выканаеш, так гэта і адлюструецца на тваім жыцці, на тваёй працы і на рэчаіснасці тваёй супольнасці.

– Чаго чакаеце ад наступнага года і які плён можна ўбачыць ужо зараз?

– Напэўна, у будучым годзе чакаем працягу гэтых праектаў, вяртання і сустрэчы з нашымі мадэратарамі, нашымі настаўнікамі, а таксама развіцця. Маем надзею, што тыя веды, якія мы атрымалі ў гэты годзе, за лета стабілізуюцца, і што сапраўды будучы год прынясе вялікі плён, бо будзе будавацца на тым, што мы ўжо маем, і маем надзею, што рэалізуем у будучыні ўсе нашыя праекты; што тое, аб чым марыцца, што можа зрабіць наш Касцёл лепшым, што можа нас зрабіць лепшымі, сапраўды рэалізуецца ў будучым годзе, і будзем мець яшчэ шмат магчымасцяў для павышэння сваёй кваліфікацыі, узбагачэння сваіх ведаў у розных аспектах жыцця Касцёла.

Думаю, што найлепшым плёнам, які могуць даць нашыя сустрэчы, наша адукацыя, гэта менавіта тое, што мы захочам быць лепшай версіяй сябе, бо калі я патрабую ад сябе, то я магу даць штосьці лепшае іншым.Думаю, што якасць і новы досвед, новыя перажыванні, новыя заданні, новыя выклікі, якія перад намі паставяць нашыя мадэратары, гэта будзе рэалізавана ў нас і стане якасным праектам нас саміх.

  • Андрэй Каралёў, кандыдат эканамічных навук, куратар праекту

– Якія вашыя уражанні ад удзельнікаў праекту і іх зацікаўленнасці ў працэсе адукацыі?

– Першы навучальны год паказаў высокую матывацыю кансэкраваных асоб да засваення новых вобласцяў ведаў і навыкаў, магчымасць узаемадзеяння паміж рознымі манаскімі супольнасцямі і камандаўтварэння для вырашэння складаных задач. Гэта было прадэманстравана ўдзельнікамі праекту падчас прэзентацыі вынікаў працы каманд за першы год.

  • Ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, каардынатар праекту

– Азіраючыся на мінулы год, скажыце, ці спраўдзіліся тыя чаканні, якія былі звязаныя з рэалізацыяй гэтага адукацыйнага праекту: што атрымалася ажыццявіць, а што не?

– З перспектывы сённяшняга дня магу сказаць, што я вельмі задаволены тым, што ўбачыў на сённяшняй працоўнай сустрэчы. Кансэкраваныя асобы вельмі сур’ёзна аднесліся да яе, і гэта прынесла свой салідны плён у выглядзе прадстаўлення прамежкавых вынікаў працы. Важным для нас усіх момантам была таксама прысутнасць нашых іерархаў, бо мы, кансэкраваныя асобы, рэалізуем нашыя харызмы, але чынім гэта ў Касцёле.

Ужо сёння відаць, што з праектам мы знаходзімся на добрым шляху, і кансэкраваныя асобы матываваныя працягваць працу далей.

Гэта дае надзею, што наш праект прынясе сапраўды неабходныя плады ў душпастырстве і прычыніцца да аптымізацыі таго ж душпастырства ў вызнанчаных сектарах.

– Якія планы і мары на будучыню, як будзе развівацца распачатая справа?

– Планы ў нас, як кажуць, як у Напалеона, бо сапраўды вельмі хацелася б, каб гэты праект стаў не толькі разавай падзеяй, але пачаткам чагосьці большага. Стаў пачаткам якіхсьці пастаянных курсаў, праграм не толькі для кансэкраваных асоб, але таксама, як гэта неаднаразова падкрэслівалася прысутнымі іерархамі, для ўсяго духавенства нашага Касцёла, а таксама для свецкіх, якія будуць праяўляць цікавасць да таго ці іншага сектара душпастырства ў Касцёле і выкажуць жаданне супрацоўніцтва.

У нас наконт гэтага ёсць, канечне ж, не толькі мары, але распрацавана канкрэтная логіка дальнейшага развіцця праекта.

А пасля словаў на завяршэнне сённяшняй сустрэчы нашага паважанага Мітрапаліта, пасля яго закліку не стамляцца і ісці далей у разважаннях і дыскусіі, я ўпэўнены, што праект мае права быць, што ён актуальны і што ён вельмі патрэбны для нашага Касцёла сёння.

Абноўлена 17.05.2023 20:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.