Пошук

11.05.2023 13:45   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

7 мая, у першую нядзелю гэтага Марыйнага месяца, калi ў Гродзенскай дыяцэзiі адзначаецца Дзень мацi, у дыяцэзіяльным санктуарыі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) сабраліся мамы з розных парафій, каб у супольнай малітве падзякаваць Багародзіцы за дар мацярынства.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, сустрэча каля цудадзейнага абраза Маці Божай распачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Прысутныя маліліся за мам: жывых, якія штодзённым прыкладам змяняюць свае сем’і і ўвесь свет, і спачылых, просячы дару вечнага жыцця для іх.

Кульмінацыяй свята стала Эўхарыстыя, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Гамілію падчас Імшы прамовіў Біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Уладзімір Гуляй.

«Дзень маці — гэта, магчыма, адно з самых чуллівых святаў, бо кожны з нас з дзяцінства і да сваіх апошніх дзён нясе ў душы адзіны і непаўторны вобраз — вобраз сваёй мамы, самага роднага і дарагога чалавека ў свеце, які ўсё зразумее, даруе, заўсёды пашкадуе і будзе любіць, нягледзячы ні на што, які падараваў нам галоўную ў свеце каштоўнасць — жыццё», — адзначыў святар.

Біскуп Кашкевіч у сваім пастырскім слове на заканчэнне Імшы падкрэсліў, што мэта гэтага свята ў тым, каб «падтрымаць традыцыі клопату пра жанчын, умацаваць сямейныя асновы, захаваць гарманічныя сямейныя адносіны, падрыхтаваць моладзь да сямейнага жыцця і, вядома ж, падкрэсліць важнасць галоўнага чалавека ў нашым жыцці — маці».

Кусташ Тракельскага санктуарыя ксёндз канонік Юрый Бяганскі выказаў удзячнасць іерарху і ўсім святарам, якія прыбылі на свята матуль. Таксама кусташ разам са сваёй парафіяльнай супольнасцю павіншаваў пастыра Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі з імянінамі, якія біскуп адзначаў у пачатку месяца.

Да віншаванняў далучыліся ўдзельніцы супольнасці «Маці ў малітве» з Ліды і пілігрымы з розных куткоў дыяцэзіі.

Працягнулася свята сустрэчай пры каве i набажэнствам Крыжовага шляху.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа