30 красавіка, у нядзелю Добрага Пастыра, група вернікаў парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні (Гродзенская дыяцэзія) прыняла сакрамэнт канфімрмацыі з рук Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB.
Дапаўненнем шляху хрысціянскай ініцыяцыі ў Каталіцкім Касцёле з’яўляецца сакрамэнт канфірмацыі, які ў сувязі з гэтым называюць таксама сакрамэнтам хрысціянскай сталасці. Плёнам канфірмацыі з’яўляецца асаблівае ўдзяленне Духа Святога: падобнае да таго, што адбылося ў дзень Пяцідзясятніцы. Яно пакідае ў душы незнішчальны адбітак і дае ўзрастанне ласкі хросту: больш глыбока ўкараняе ў Божым усынаўленні; больш цесна яднае з Хрыстом і Ягоным Касцёлам; умацоўвае ў душы дары Духа Святога; адорвае асаблівай моцай для сведчання хрысціянскай веры.
Сёлета такая «асабістая Пяцідзесятніца» настала для 53-х вернікаў смаргонскай парафіі святога Міхала Арханёла, моладзі і дарослыя, якія належным чынам падрыхтаваліся да прыняцця Святога Духа.
Урачыстасць канфірмацыі адбывалася падчас нядзельнай святой Імшы, што цэлебравалася на палявым алтары побач са старадаўняй святыняй. Напачатку кандыдаты прывіталі біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, які прыбыў, каб удзяліць сакрамэнт хрысціянскай сталасці вернікам парафіі, у якой нясуць служэнне яго сабраты салезіяне. Са словамі прывітання да іерарха звярнуўся старшыня смаргонскага райвыканкама Генадзій Харужык. Ён таксама ўручыў біскупу Яшэўскаму памятныя падарункі са Смаргоншчыны. Вернікі парафіяльнай супольнасці прывіталі іерарха традыцыйным беларускім хлебам-соллю, а пробашч, ксёндз Артур ЛяшнеўскіSDB, запрасіў пакланіцца Хрысту ў парафіяльнай святыні і ўзначаліць цэлебрацыю.
Урачыстую Літургію музычна аздобіў запрошаны з Мінска каталіцкі гурт Vеrbum Dei. Пасля Літургіі слова адбылося прадстаўленне кандыдатаў біскупу і просьба пробашча аб удзяленні гэтым выбраным сакрамэнту хрысціянскай сталасці. Кандыдаты, у сваю чаргу, выказалі сваё жаданне жыць Хрыстовым Евангеллем і мужна вызнаваць веру. У гаміліі Біскуп Яшэўскі растлумачыў кандыдатам да канфірмацыі, чым ёсць сакрамэнт, які яны прымуць. Таксама іерарх падкрэсліў важнасць і асаблівую ролю Духа Святога ў жыцці ўсяго Касцёла і кожнага паасобнага верніка.
Біскуп прадставіў сабраным два важныя сімвалы дзеяння Духа Святога: вецер і ваду, тлумачачы якія, раскрыў сабраным таямніцу дзеяння Духа Святога ў жыцці хрысціяніна.
Сам абрад канфірмацыі распачаўся пасля гаміліі. Сабраныя на Літургіі былі сведкамі ўскладання рук на канфірмаваных, здзейсненае біскупам і канцэлебруючымі прэзбітэрамі, што выражае біблійны жэст, якім заклікаецца дар Духа Святога. Таксама кандыдаты атрымалі намашчэнне хрызмам, што азначае плён дару Духа Святога.
Праз намашчэнне духмяным алеем рукою біскупа кандыдаты прынялі незнішчальны знак, пячатку Пана, разам з дарам Духа Святога, які больш дасканала прыпадабняе іх да Хрыста і дае ласку пашыраць сярод людзей «прыемны водар».
У працэсіі з дарамі як дар ад тых, хто ў гэтым годзе атрымаў сакрамэнт канфірмацыі, былі прынесеныя ферэтрон Найсвяцейшага Сэрца Езуса, які будзе ўдзельнічаць ва ўсіх эўхарыстычных працэсіях парафіі, і рэлікварый, у якім будуць змешчаны рэліквіі святога мучаніка.
Пасля Імшы новаканфірмаваныя падзякавалі Богу і біскупу Яшэўскаму за атрыманы дар, а іерарх паблагаславіў новы ферэтрон і памятныя крыжы, якія атрымалі на памяць тыя, хто ў гэты дзень прыняў дар Святога Духа.