Пошук

15.04.2023 20:40   Тэкст і фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

У Хрысціянскім сацыяльным цэнтры, які дзейнічае ў Мінску пры дабрачыннай Місіі Добрага Самараніна, 15 красавіка адбылася малітва праслаўлення, у якой узяла ўдзел вялікая колькасць дзяцей і іх бацькоў.

«Дзеці нясуць міласэрнасць» — гэтыя словы сталі дэвізам малітвы праслаўлення, на якую сабраліся дзеці з розных парафій Мінска-Магілёўскай і Пінскай Дыяцэзіі, а таксама госці: дзіцячая група хору «Пілігрымы» мінскага праваслаўнага прыходу ў гонар святой княгіні Вольгі.

Больш за 14 музычных гуртоў, ансамбляў і хораў прыехалі ў Хрысціянскі сацыяльны центр, каб разам спяваць і маліцца, просячы аб Божай Міласэрнасці для ўсяго свету.

На пачатку малітвы да сабраных звярнулася дырэктар цэнтра сястра Часлава Навіцкая USJK, якая заахвоціла ўсіх сабраных супольна памаліцца і ахвяраваць гэты час у інтэнцыі супакою ў свеце: прасіць Пана Бога аб Ягонай міласэрнасці для ўсяго свету, асабліва для дзяцей.

Сястра Часлава запрасіла маліць Бога аб тым, каб усім дзецям былі гарантаваныя жыццё і мір.

Сабраныя маліліся аб тым, каб не былі вайны і не гінулі людзі, а таксама каб маці не забівалі зачатае ў іх жыццё.

Пасля словаў сястры Чаславы да сабраных выйшаў ксёндз Аляксандр Шамрыцкі МІС з манстрацыяй у руках, у якой знаходзіўся сам Пан Езус у Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Прысутны сярод дзяцей Хрыстус быў адараваны і праслаўлены спевам гуртоў, якія спявалі на хвалу велічы і магутнасці Бога.

Хлопчыкі і дзяўчынкі спявалі пра бязмежную любоў, моц надзеі і веліч веры. Сваім спевам яны таксама маліліся аб тым, каб з сэрцаў людзей зніклі грэх і зло, каб у іх павялічвалася Божая ласка і любоў.

Заканчэннем малітвы праслаўлення стала песня «Малітва за Беларусь», якую разам заспявалі ўсе прысутныя: і дзеці, і дарослыя. Падчас малітвы праслаўлення дзеці трымалі ў сваіх руках каляровыя кветкі. На заканчэнне малітвы дзеці склалі гэтыя кветкі да алтара.

Да сабраных таксама звярнуўся прысутны на малітве арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Заслужаны іерарх адзначыў, што капліца Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра яшчэ не бачыла такой вялікай колькасці дзяцей.

Арцыпастыр падзякаваў Богу, а таксама дзецям і бацькам за супольную малітву.

Пасля абеду, на які былі запрошаныя ўсе прысутныя, дзеці і бацькі выйшлі на двор, дзе для ніх адбылася забаўляльная праграма, падчас якой пад гукі скрыпкі і бубна малыя і дарослыя танчылі беларускія народныя танцы.

Наймалодшыя ўдзельнікі гулялі з клоўнам, пускаючы мыльныя бурбалкі.

Абноўлена 15.04.2023 21:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа