Пошук

05.04.2023 14:32   Фота: Алена Бобр / Catholic.by

1 красавіка, у першую суботу месяца, у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе адбылася чарговая сустрэча ў межах Вялікай навэнны падрыхтоўкі да юбілею каранацыі цудадзейнага абраза.

Красавіцкая малітоўная сустрэча сабрала каля Маці Божай Будслаўскай некалькі соцень пілігрымаў і ўдзельнікаў касцёльных рухаў з усіх дыяцэзій Беларусі. Разам з імі перад каранаваным 25 гадоў таму па распараджэнні святога Яна Паўла ІІ цудадзейным абразом маліўся найстарэйшы беларускі іерарх біскуп Казімір Велікаселец.

Асабліва шмат было пілігрымаў з мінскай парафіі святога Сымона і святой Алены. На чале з вялікім папулярызатарм культу Маці Божай Будслаўскай у Беларусі і за яе межамі ксяндзом канонікам Уладзіславам Завальнюком яны з даўняга часу рэгулярна ладзяць духоўныя падарожжы ў Будслаў у першыя суботы месяца.

Менавіта іх добрая ініцыятыва натхніла каталіцкіх біскупаў Беларусі арганізаваць Вялікую навэнну дзевяці першых субот месяца для духоўнай падрыхтоўкі да святкавання 25-гадовага юбіоею з часу каранацыі цудадзейнага будслаўскага абраза.

Усіх, хто арганізаванымі групамі і ў індывідуальным парадку прыбыў у першую суботу красавіка ў Будслаў, прывітаў пробашч тутэйшай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік.

Напачатку ўдзельнікі сустрэчы супольна маліліся Фацімскі Ружанец, перапрашаючы Беззаганнае Сэрца Марыі за ўсе грахі і знявагі. Многія паядналіся з Богам, прыступіўшы да споведзі перад Велікоднымі святамі.

Апоўдні пры алтары перад цудадзейным абразом адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Велікаселец.

У прамоўленай гаміліі найстарэйшы ў нашай краіне каталіцкі іерарх звярнуў увагу на непрамінальныя духоўныя каштоўнасці, без якіх жыццё чалавека на зямлі пазбаўлена сэнсу.

Біскуп, які ў апошні час нясе служэнне ў Гомелі, другім па велічыні горадзе ў Беларусі, прыгадаў, як у часы пераследу веры, калі ён быў яшчэ святаром, да яго здалёк прыязджалі людзі з розных мясцін, дзе не было касцёлаў і духавенства. Аднойчы да яго здалёк прыехаў адзін палкоўнік. Пасля праведзенай катэхізацыі вайсковец, які быў выкладчыкам, падзякаваў ксяндзу за пазнаную праўду:

«Спасибо, священник! Теперь, в свете веры, я стал лучше понимать точные науки, которые преподаю в военной академии», — прызнаўся палкоўнік.

Пасля Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, перад якім удзельнікі малітоўнай сустрэчы разам праспявалі Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі.

Пасля кароткага перапынку на каву і пачастунак, які прыгатавалі для пілігрымаў гасцінные вернікі будслаўскай парафіі, адбылася прысвечаная важнасці малітвы тэматычная духоўная канферэнцыя, якую прамовіў айцец Леанард Адушкевіч з манаскага Ордэна святога Паўла, першага пустэльніка (паўліны).

А 15-й гадзіне сабраныя ў Будслаўскім санктуарыі памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, а потым біскуп Казімір Велікаселец благаславіў ваду і набытыя пілігрымамі рэлігійныя рэчы, а таксама ўдзяліў пастырскае благаслаўленне на заканчэнне сустрэчы.

Тыя, хто з нейкіх прычын не мог у гэты дзень прыехаць у Будслаў, мелі магчымасць духоўна далучыцца да малітвы дзякуючы адноўленай прамой трансляцыі з Нацыянальнага санктуарыя.

Абноўлена 05.04.2023 14:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця