Пошук

27.03.2023 08:50   Catholic.by

Па благаслаўленні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага прадстаўнік Касцёла ў Беларусі ксёнз канонік Францішак Рудзь узяў удзел у пасяджэнні круглага стала, прысвечанага выдавецкай дзейнасці вядучых канфесій Рэспублікі Беларусь.

Мерапрыемства прайшло ў межах XXX Мінскага міжнароднага кніжнага кірмашу «Свет кнігі без межаў», які адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў з 22 па 26 сакавіка.

Галоўнай ідэяй выставы сёлета стала правядзенне вялікай колькасці прэзентацый новых кніжных праектаў у фармаце інтэрв’ю, дыялогаў і дыскусійных пляцовак. Адной з іх стаў круглы стол з удзелам прадстаўнікоў каталіцкай, праваслаўнай, юдэйскай і мусульманскай супольнасцяў Беларусі.

Удзельнікі круглага стала абмеркавалі пытанні развіцця бібліятэчнай справы ў парафіях, арганізацыі метадычнай работы, вопыт стварэння зводнага электроннага каталога бібліятэк рэлігійных устаноў, перыядычных выданняў вядучых канфесій.

Асаблівую ўвагу ўдзельнікі мерапрыемства ўдзялілі задачам сучаснага рэлігійнага кнігавыдання, аналізу інфармацыйных патрэб, цікавасці да рэлігійнай літаратуры сярод дзяцей і моладзі.

У сваім выступленні ксёндз Францішак Рудзь зазначыў, што касцёл ў Беларусі перажывае ўздым выдавецкай і асветніцкай дзейнасці. Святар падкрэсліў, што чытацкая аўдыторыя значна памаладзела, што дыктуе свае асаблівасці ў паліграфіі. Зроблены значны крок не толькі ў пашырэнні тэматыкі публікацый, але і ў іх тэхнічнай якасці. Значна пашыраны каталог прадукцыі беларускіх каталіцкіх выдавецтваў.

Сёння вернікі могуць набыць кнігі, брашуры, буклеты, плакаты, календары, паштоўкі, налепкі, рэкламныя праспекты. Усё больш увагі надаецца аўдыёкнізе. Каталіцкія кнігі ёсць у публічных і ўніверсітэцкіх бібліятэках Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнік Касцёла нагадаў, што Новы Запавет на беларускай мове быў уручаны Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і фондавай бібліятэцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта падчас візітаў прадстаўнікоў Касцёла ў дзяржаўныя ўстановы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.