У ноч з 18 на 19 сакавіка у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі прайшло чуванне моладзі на тэму: «Ці ведала Ты, Марыя?»
Ужо традыцыйна склалася, што падчас Вялікага посту моладзь збіраецца на начное чуванне, каб лепш падрыхтаваць свае сэрцы да ўрачыстасці Уваскрасення Пана. У сёлетнім велікапосным чуванні ўзялі ўдзел больш за 100 юнакоў і дзяўчат з розных мясцін Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і не толькі.
Распачалося чуванне святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Напачатку іерарх прывітаў усю прысутную моладзь і пажадаў удзельнікам плённа перажыць чуванне. У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп перадусім зазначыў, што гэтая сустрэча з’яўляецца асабістай размовай з Богам кожнага з тых, хто бярэ ў ёй удзел, а таксама праслаўленнем Бога праз спеў.
«Пан выходзіць насустрач чалавеку. Пан шукае чалавека. Пан шукае таго, на каго ўзглянуў», — падкрэсліў арцыпастыр. Правёўшы паралель з першым чытаннем Чацвёртай нядзелі Вялікага посту пра намашчэнне караля Давіда, ён параўнаў моладзь з гэтым Божым абраннікам, «на якога Пан узглянуў, якога доўга шукаў і клікаў».
Асаблівую ўвагу іерарх звярнуў на правільны выбар жыццёвага шляху.
«Менавіта каб добра выбраць, мы збіраемся сёння і ў іншыя дні на супольную малітву, асабліва перад падрыхтоўкай да Сусветных дзён моладзі, якія адбудуцца ў гэтым годзе ў Лісабоне. Каб супольна паразважаць; каб так, як Марыя, устаць, паспяшыць, ісці і несці свету Евангелле, несці свету радасць», — падкрэсліў арцыбіскуп Станеўскі.
Чуванне моладзі ў Мінску адбывалася напярэдадні урачыстасці святога Юзафа, таму арцыбіскуп нагадаў прысутным пра асобу свайго святога апекуна. «Усе могуць убачыць у святым Юзафе чалавека, які прыходзіць непрыкметна; чалавека штодзённай прысутнасці, сціплай і схаванай; заступніка, падтрымку і правадыра ў цяжкія моманты», — заўважыў арцыпастыр.
На заканчэнне гаміліі ён скіраваў моладзі сваё пажаданне:
«Няхай сённяшні вечар будзе напоўнены радасцю прысутнасці ў нас Духа Святога, які нам падкажа, што мы павінны рабіць, як мы павінны маліцца, як мы павінны дзяліцца з іншымі, з нашай моладдзю — моладдзю нашай краіны і не толькі; радасцю ад таго, што я спазнаў, сустрэў Пана», — сказаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Напрыканцы святой Імшы моладзь павіншавала арцыпастыра з імянінамі.
Наступным пунктам моладзевага чування была малітва псальмамі, падчас якой сястра Дар’я Еўтухоўская FMA правяла канферэнцыю на тэму распазнавання Божай волі ў жыцці. Сястра распавяла пра жыццё Маці Божай і пра тое, як Бог дзейнічаў у Яе жыцці праз прыняцце Ёю Яго волі.
Далей моладзь з парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максіміліяна Марыі Кольбэ правяла Ружанец з разважаннямі.
Каб лепш пазнаёміцца адно з адным і выканаць творчае заданне, моладзі было прапанавана падзяліцца на групы і ў такім фармаце разам папрацаваць у межах падрыхтоўкі набажэнства Крыжовага шляху.
Пасля перапынку на каву адбыўся Крыжовы шлях, кожная стацыя якога была інсцыніравана моладзю са сталічнай катэдральнай парафіі і з парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.
Завяршыўся Крыжовы шлях працэсіяй па касцёле з запаленымі светачамі — сімвалам надзеі на вечнае жыццё разам з Уваскрослым Хрыстом.
Заключным пунктам праграмы чування стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую сваім спевам упрыгожыла моладзь з Залатагорскай парафіі.
На завяршэнне чування адказны за моладзь у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Андрэй Бурак благаславіў прысутных і пажадаў плённай падрыхтоўкі да ўрачыстасці Уваскрасення Пана.