Пошук

13.03.2023 08:08   Catholic.by

У 10-ю гадавіну з дня абрання Папы Францішка на Пасад святога Пятра, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч ад імя епіскапату і вернікаў Касцёла ў нашай краіне кіруе Святому Айцу віншаванне.

Яго Святасці Папу Францішку, Біскупу Рымскаму

Ваша Святасць!

З сыноўняй адданасцю, ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў, а таксама ўсяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, прашу Вас прыняць шчырыя віншаванні з нагоды 10-й гадавіны выбару на Катэдру святога апостала Пятра.

Вы ўпэўнена, рупліва і з вялікай адданасцю здзяйсняючы служэнне «Векавечнаму Айцу, якога праслаўляе неба і зямля» (Гімн Te Deum), сярод хваляванняў жыццёвага мора, вядзеце даручаны Вам Езусам Хрыстом, Найвышэйшым і Вечным Святаром, човен Пятра.

Гледзячы на Ваш прыклад веры, шматлікія свецкія і кансэкраваныя асобы, святары і біскупы імкнуцца наследаваць Вас у цвёрдасці веры, мужнасці і ўменні прымаць узважаныя рашэнні.

У цяперашнія цяжкія хвіліны жыццёвых выпрабаванняў Вы пераканаўча сведчыце людзям аб тым, што кожны, хто ўсклаў сваю надзею на Пана, не будзе «асаромлены навекі» (Гімн Te Deum). Увесь паўсюдны Касцёл бачыць, як Вы перажываеце з-за падзелаў, канфліктаў і сутыкненняў, якія адбываюцца па ўсім свеце; як моцна моліцеся, каб Бог сваёю магутнаю рукою ўмацаваў, «благаславіў і захаваў сваіх абраных» (Гімн Te Deum).

З асаблівым пачуццём Вы заклікаеце ўсіх людзей не ўпадаць у роспач, але спадзявацца на Божую ўсемагутнасць і міласэрнасць, нястомна маліцца аб адзінстве Касцёла і ўсяго свету. Вы звяртаеце ўвагу на неабходнасць для кожнага хрысціяніна штодня здзяйсняць сваё пакліканне: з любоўю ставіцца да бліжніх, дапамагаць патрабуючым, асабліва тым, хто знаходзіцца на перыферыях нашага свету, і добрасумленна працаваць, прыгадваючы, што ў цэнтр мы павінны ставіць Хрыста, а не саміх сябе, тым самым выконваючы Яго словы: «Таксама вы, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: „Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць“» (Лк 17, 10).

Сёння, калі мы бачым, што шматлікія сучаснікі пачалі пераасэнсоўваць сваё жыццё і задумвацца пра духоўныя прычыны ўсяго, што адбываецца, голас Пятра нашых часоў з’яўляецца асабліва значным.

Гледзячы на Вас, усё больш людзей імкнецца прытрымлівацца традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў, усведамляць асаблівае значэнне ідэалаў дабра і міласэрнасці, справядлівасці і любові, разумеючы, што «Бог — наша прыстанішча і сіла, надзейная дапамога ў нядолі. Таму не будзем баяцца, калі б нават затрэслася зямля, і горы ўпалі ў сярэдзіну мора» (Пс 46 (45), 2–3).

Ваша Святасць!

У гэты святочны дзень дазвольце павіншаваць Вас з гэтай важнай гадавінай і выказаць глыбокую ўдзячнасць за Ваш бацькоўскі клопат аб Паўсюдным Касцёле і Касцёле ў Беларусі, за клопат пра кожнага чалавека, за неабыякавыя адносіны да патрэбаў вернікаў, кансэкраваных асоб, святароў і біскупаў.

Дазвольце запэўніць Вас у нашай штодзённай малітве, а таксама ў малітве ў Вашых інтэнцыях.

Няхай Езус Хрыстус, Найвышэйшы і Вечны Святар, спасылае Вам неабходныя дары і ласкі, а Найсвяцейшая Дзева Марыя і святы Юзаф, заступнік Паўсюднага Касцёла, штодня абараняюць Вас.

Plurimos annos, Ваша Святасць!

Мінск, 13 сакавіка 2023 г.

Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.