24 лютага ў Курыі Гродзенскай дыяцэзіі адбылася сустрэча арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы ўрачыстасцяў у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.
Пра гэта паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі.
Сёлетні Тракельскі фэст пройдзе 7–9 ліпеня пад дэвізам: «Марыя, аб’яднай нашы сэрцы і сем’і!»
Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і іншыя члены камітэта вырашылі, што план сёлетняй урачыстасці будзе набліжаны да фармату мінулых гадоў. У пятніцу 7 ліпеня пасля сустрэчы і прывітання пілігрымаў для іх у 18.00 будзе цэлебравацца святая Імша.
Галоўная святая Імша адбудзецца на наступны дзень, у суботу 8 ліпеня ў 13.00.
У плане ўрачыстасцяў — абрад аднаўлення сужэнскіх абяцанняў, а таксама адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту на тэму «Марыя, адары мяне дарам мацярынства».
Падчас Тракельскага фэсту будуць арганізаваныя супольныя малітвы і набажэнствы. Плануецца, што актыўны ўдзел у іх возьмуць парафіі і духоўныя асобы, якія сёлета святкуюць юбілеі. Падрабязны план будзе пададзены пазней.
Як адзначаецца, леташнія ліпеньскія ўрачыстасці ў Тракелях сабралі каля 13-і тысяч удзельнікаў.