Пошук

22.02.2023 10:10   Catholic.by
Фота Аляксея Ціхана / vdsgrodna.by

На пачатку Вялікага посту, які сёлета распачынаецца 22 лютага, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе Ліст да моладзі.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

ЛІСТ ДА МОЛАДЗІ НА ВЯЛІКІ ПОСТ 2023 ГОДА

«Мы адказныя не толькі за зло, якое ўчынілі, але і за дабро, якое маглі зрабіць, але не зрабілі».

Дарагая майму сэрцу моладзь!

Прыведзеныя вышэй словы ўзятыя з кінастужкі «Чалавек, які намаляваў Бога» (дарэчы, рэкамендую яе паглядзець) і належаць галоўнаму герою фільма. Цытуючы іх, я хацеў бы звярнуцца да вас, дарагія маладыя людзі, з разважаннем і заахвочваннем перажыць час Вялікага посту 2023 года не толькі з усведамленнем сэнсу гэтага літургічнага перыяду, але і дзейна, актыўна: як кажуць, «усведамленне без дзеяння нічога не вартае».

Мы ведаем, што Вялікі пост — асаблівы літургічны перыяд, час пакаяння і навяртання, споведзі і малітвы, міласціны і ўстрыманасці. Словам, гэта час праставання нашых сцежак зямнога жыцця, якія вядуць «праз церні да неба».

Я ўпэўнены, што вы ведаеце наказ нашага Настаўніка і Збаўцы Езуса Хрыста, які Ён пакінуў сваім паслядоўнікам: «Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною» (Мц 16, 24). Гэтымі моцнымі словамі Езус заклікае нас да святасці, што добра зразумеў святы апостал Пётр, які раіць нам: «На ўзор Святога, які паклікаў вас, самі станьце святымі ва ўсіх паводзінах вашых» (1 П 1, 15).

Дарагія сябры, святасць сама не прыходзіць да чалавека: трэба штодня ісці ёй насустрач. Як казаў спачылы нядаўна папа Бэнэдыкт XVI, «святасць здабываецца не адным днём, не адным дзеяннем, але маленькімі крокамі, малымі справамі штодзённага жыцця, такімі як спакой, дабро, ветлівасць, справядлівасць, усмешка і добрае слова бліжняму». А папа Францішак сказаў: «Мы тады называемся сапраўднымі хрысціянамі, калі прабачаем, калі ўмеем дараваць нават сваім ворагам».

Дарагія маладыя людзі, няхай час Вялікага посту 2023 года будзе часам крочання з Хрыстом і за Хрыстом, перыядам асэнсавання выклікаў нашай веры: «Праз крыж і мукі Хрыста — да святасці».

Усё атрымаецца, не вагайцеся! Не бойцеся, толькі моцна трымайцеся Езуса! З Ім вы рушылі ў падарожжа сваёй веры — не мяняйце Таго, з Кім рушылі ў шлях, на таго, каго можаце сустрэць на гэтым шляху, бо страціце свайго Сябра, заблукаеце ў дарозе і згубіце мэту свайго жыцця. Гэтымі словамі таксама заахвочваю вас клапаціцца пра захаванне веры нашых продкаў.

Звяртаючыся да моладзі, святы Ян Павел ІІ сказаў: «Калі вам будзе цяжка, калі вы будзеце перажываць у жыцці нейкія няўдачы ці расчараванні, няхай вашыя думкі імкнуцца да Хрыста, які любіць вас, які з’яўляецца верным Спадарожнікам і які дапамагае знесці любыя цяжкасці. Ведайце, што вы не адзінокія. Вам спадарожнічае Хтосьці, Хто ніколі не расчароўвае. Хрыстус разумее самыя таемныя прагненні вашых сэрцаў. Ён чакае вашай любові і вашага сведчання».

Словы, час і магчымасці не вернуцца, каб іх зноў выкарыстаць, таму падбірайце словы ўважліва, не марнуйце часу дарэмна, выкарыстоўвайце магчымасці — імкніцеся і дасягайце святасці. Вялікі пост — гэта добрая нагода і час, калі мы павінны навучыцца «браць верх» над уласнымі слабасцямі, звычкамі, эмоцыямі і страхамі; гэта час, каб мы адкрылі свае сэрцы Богу, каб вучыліся быць міласэрнымі і чулымі. Калі чалавек адчувае боль, гэта значыць, што ён жывы, а калі адчувае боль іншага, калі здольны спачуваць і суперажываць, — гэта азначае, што ён сапраўдны і вартасны чалавек.

Дарагія сябры! Вялікі пост — гэта час на тое, каб кожны з нас жыццёвым прыкладам засведчыў, што з’яўляецца Чалавекам, Хрысціянінам, а святасць — наша дарога і жыццёвая мэта.

Ці ўсведамляеце вы гэта? Любоў, як вядома, патрабуе самаахвярнасці, мудрасць — еднасці, а вера — учынкаў.

Давайце ж старацца, каб падчас Вялікага посту сваімі ўчынкамі і праяўленнем любові да бліжняга мы запалілі і іншых маладых людзей жаданнем далучыцца да нашай незвычайнай і цудоўнай прыгоды — шляху да святасці, на які нас кліча Езус Хрыстус.

У добры Божы шлях перыяду Вялікага посту 2023 года!

Ваш старэйшы сябра,

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

 

Абноўлена 22.02.2023 10:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа