Пошук

06.02.2023 12:51   Тэкст: кс. Анджэй Юхневіч OMI / Фота: Алена Бобр, с. Міхаліна Маркевіч OP / Catholic.by

У суботу 4 лютага ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе ў межах Вялікай навэнны падрыхтоўкі да юбілею 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай прайшоў агульнабеларускі Дзень кансэкраванага жыцця.

Такія мерапрыемствы штогод адбываюцца з нагоды ўрачыстасці Ахвяравання Пана, якая ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 2 лютага і з’яўляецца таксама Днём кансэкраванага жыцця — усталяваным Янам Паўлам ІІ святам усіх тых, хто без рэшты прысвяціў сябе служэнню Богу ў манаскім або законніцкім жыцці.

Дэвізам агульнабеларускай сустрэчы кансэкраваных асоб у год юбілею 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай былі выбраныя словы, якія нагадваюць першы цуд Хрыста, здзейснены Ім па просьбе Яго Маці Марыі падчас вяселля ў Кане Галілейскай: «Зрабіце, што вам кажа Сын» (пар. Ян 2, 5).

На сустрэчу ў Будслаўскім санктуарыі сабралася каля 150-і кансэкраваных асоб, якія нясуць служэння ва ўсіх дыяцэзіях Касцёла на Беларусі.

Пасля прывітання ў святыні перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай удзельнікаў і пілігрымаў, сабраныя перайшлі ў канферэнц-залу, дзе айцец Павел Раманчук OFMConv правёў духоўную канферэнцыю. У ёй францішканін распавёў пра ўзор Марыі як Жанчыны, якая вучыць слухаць і дзейнічаць згодна з Божай воляй, а таксама падзяліўся ўласным досведам служэння ў хоспісе. Акрамя таго, айцец Павел пазнаёміў удзельнікаў сустрэчы з асобаю святога Пэрэгрына Лацыёзі — італьянскага манаха з супольнасці сэрвітаў, які жыў на мяжы XIIІ і XIV стагоддзяў, і заахвоціў да малітвы праз заступніцтва гэтага святога.

Пасля канферэнцыі ў святыні адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і адказны за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, марыянін, а таксама ўсе прысутныя святары.

Літургія адбывалася як у свята Ахвяравання Пана. Яна распачалася па-за святыняй з благаслаўлення свечак.

Трымаючы іх у руках, прысутныя сёстры, браты манахі, святары і біскупы ў працэсіі ўвайшлі ў касцёл.

У прамоўленай гаміліі біскуп Яшэўскі ўзгадаў пра выклікі сучаснага свету, якія стаяць перад кансэкраванымі асобамі і на якія ім неабходна даць евангельскі адказ. Разважаючы над гэтым, пастыр звярнуў увагу на прыклад цэнтральных асоб евангельскай падзеі Ахвяравання Пана: Марыі і Юзэфа, а таксама святых Сімяона і Ганны.

Пасля гаміліі манаскія асобы запалілі свечкі і ўсе разам прамовілі словы ўрачыстага аднаўлення манаскіх абяцанняў. У гэты час прысутныя вернікі і пілігрымы ў цішыні маліліся за іх.

Пасля святой Камуніі прадстаўнікі будслаўскай парафіі шчыра павіншавалі ўсіх манаскіх асоб з іх святам і ўручылі кожнаму па белай ружы — сімвал жыцця, ахвяраванага Богу ў чыстасці, убостве і паслухмянасці.

Пасля святой Імшы адбылася супольная агапа — гасціна любові на ўзор раннехрысціянскіх сходаў. Пачастунак быў спалучаны з ажыўленымі размовамі і дзяленнем досведам манаскай штодзённасці.

Наступным пунктам сустрэчы стала малітва-разважанне перад цудадзейным абразом у Будслаўскай святыні.

Гэта была падрыхтаваная сстрой Марцэлінай Мігач ISSM медытацыя над фрагментам Евангелля аб першым цудзе Езуса ў Кане Галілейскай.

Малітва і разважанне над тэкстам Святога Пісання суправаджалася спевамі пад мілагучны акампанемент аргана і скрыпкі. На заканчэнне медытацыі ўсе прысутныя кансэкраваныя асобы мелі магчымасць падысці да падрыхтаваных пустых збаноў і напоўніць іх кубкам вады.

Гэтае сімвалічнае дзеянне стала выразам веры ў тое, што ўдзельнікі, слухаючы Божае слова і разважаючы над ім разам з Марыяй, напоўніліся аднаўляльнай моцай Духа Святога і пакідалі Будслаў не пустымі.

На заканчэнне сустрэчы біскуп Алег Буткевіч, чые абедзве родныя сястры з’яўляюцца законніцамі, павіншаваў кансэкраваных асоб з іх святам і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне ўсім прысутным.

           

 

Абноўлена 06.02.2023 17:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа