Пошук

03.02.2023 16:14   Фота: Уладзіслаў Дарошка / Catholic.by

2 лютага, у свята Ахвяравання Пана, якое традыцыйна называюць яшчэ святам Маці Божай Грамнічнай, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскаі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы з удзелам шматлікіх вернікаў у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.

У гэты дзень у літургіі ўспамінаецца прынясенне Дзіцятка Езуса ў святыню для выканання абраду ахвяравання, прадпісанага законам Старога Запавету (гл. Лк 2, 22–39). Такім чынам, ужо ў самым пачатку зямнога жыцця Збаўцы, Бог Айцец сведчыць, што Езус прыйшоў у свет не парушыць закон, а выканаць яго (пар. Мц 5, 17).

Як адзначыў на пачатку прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі, «гэтае свята заўсёды мела падвойны характар, бо яно адначасова з’яўляецца і святам Сына Божага, і адным з найбольш папулярных марыйных святаў».

Іерарх дадаў, што «першымі людзьмі, якія сустрэлі Пана, пазнаўшы ў маленькім Дзіцятку самога Хрыста, былі прарок Сімяон і ўдава па імені Ганна, якая няспынна прабывала ў святыні».

«Мае дарагія, у кожнай парафіі ёсць людзі, якія нават у будні ахвотна ідуць у касцёл, каб памаліцца і ўдзельнічаць у святой Імшы. Гэтыя пабожныя жанчыны і мужчыны слушна лічаць, што малітва ў касцёле — найлепшы пачатак дня ці яго заканчэнне», — падкрэсліў арцыпастыр. Ён нагадаў, што ў свята Ахвяравання Пана адбываецца благаслаўленне свечак — грамніц.

«Запаленая грамнічная свечка нагадвае нам Езуса, за якім мы ідзем, як вандроўнікі, што ўначы, каб не збіцца з дарогі, заўсёды ідуць на святло. Свечка — сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам. А на Грамніцы свечка таксама сімвалізуе Марыю, пакорную слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові. Марыя была першай, якая паверыла, і таму Бог бязмежна ўзвысіў Яе», — патлумачыў арцыбіскуп Станеўскі і распавёў вернікам пра звычай благаслаўлення грамнічных свечак, вядомы ў Касцёле з IX стагоддзя.

«Назва „грамніцы“ паходзіць ад слова „гром“, паколькі свечкі запальвалі падчас навальніцы, ставілі на акно і праз заступніцтва Маці Божай маліліся, каб суцішылася бура, перастаў грымець гром і зніклі маланкі. Перад запаленымі грамнічнымі свечкамі маліліся таксама пры якой-небудзь іншай небяспецы і пагрозе. Акрамя гэтага, грамнічную свечку даюць у рукі канаючаму, каб Найсвяцейшая Панна Марыя прывяла яго душу ў неба. <…> Гэтая свечка таксама ўказвае на надыходзячае святло вечнага жыцця, у якое нас уводзіць сам Хрыстус», — падкрэсліў іерарх, дадаўшы, што вера патрабуе канкрэтных учынкаў, якія сведчаць пра яе і даюць сведчанне іншым.

«Свята Ахвяравання Пана з яго зместам і сімволікай у чарговы раз прыгадвае нам Езуса Хрыста, якога старац Сімяон назваў „святлом для асвятлення язычнікаў“ (пар. Лк 2, 32). Езус таксама з’яўляецца Святлом, якое асвятляе змрок нашай штодзённасці. <…> Мы часта перажываем цяжкія моманты; нам здаецца, што мы трапілі ў цемру, з якой не відаць выйсця. Усе спробы знайсці якую-небудзь крыніцу святла аказваюцца марнымі, і здаецца, што нам ужо нішто не дапаможа. Але ёсць Хрыстус, які кажа, што з’яўляецца Святлом, якое павінна асвятліць змрок гэтага свету. І толькі поўны давер гэтаму Святлу дапаможа нам выйсці са змроку ды цемры і прыйсці да крыніцы Святла, якой з’яўляецца сам Збаўца.

Трэба памятаць, што не свечка, якая сімвалічна звязана з Ахвяраваннем Пана, прынясе нам радасць і захавае ад небяспекі, што пагражае нашаму жыццю, а толькі поўная аддача волі Езуса і далучэнне да Яго ўсім сваім жыццём.

Прымаючы ўдзел у літургіі Ахвяравання Пана, мы павінны ўсвядоміць, што гэтая свечка павінна быць знакам нашага жадання ісці за Хрыстом, які будзе асвятляць кожны крок на дарозе нашага жыцця» — заахвоціў вернікаў арцыпастыр.

Ён таксама нагадаў, што ў Каталіцкім Касцёле ў свята Ахвяравання Пана з 1997 года святым Папам Янам Паўлам ІІ ўстаноўлены Дзень кансэкраванага жыцця, прысвечаны малітве за асобаў, якія ахвяравалі сваё жыццё служэнню Богу ў розных манаскіх ордэнах і кангрэгацыях, а таксама ў свецкіх інстытутах.

«Сёлета ў Касцёле на Беларусі, у першую суботу лютага, у межах Вялікай навэнны з нагоды святкавання 25-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай, мы будзем маліцца перад Тронам нашай Каралевы за ўсіх, хто па прыкладу Марыі прысвяціў сваё жыццё Богу і служэнню людзям на нашай Бацькаўшчыне», — адзначыў арцыпастыр.

Сваю гамілію ён завяршыў кароткім настаўленнем: «Кожнага чалавека, пакліканага да жыцця на зямлі, Бог стварае на свой вобраз і падабенства і вызначае яму дакладную мэту, якую ён павінен дасягнуць у гэтым жыцці. Для гэтага Бог адорвае кожнага чалавека неабходнымі духоўнымі і фізічнымі здольнасцямі. Жывучы на гэтым свеце і выконваючы свае абавязкі ў сям’і, грамадстве, на працы, мы павінны заслужыць жыццё з Богам у Яго Валадарстве. Мае дарагія, няхай гэтае свята дапаможа кожнаму з нас сустрэцца з Езусам і быць святлом для іншага чалавека», — выказаў пажаданне арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

 
Абноўлена 03.02.2023 20:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа