2 лютага, у свята Ахвяравання Пана, калі ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца таксама Дзень кансэкраванага жыцця, біскуп Гродзенскаі Аляксандр Кашкевіч узначаліў цэлебрацыю святочнай святой Імшы ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, на літургіі ў галоўнай святыні горада над Нёманам сабраліся шматлікія вернікі, a таксама студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі.
З нагоды Сусветнага дня кансэкраванага жыцця асабліва маліліся за ўсіх кансэкраваных асоб, якія прысвяцілі сябе Богу праз абяцанні евангельскіх цнот. Гэты дзень сёлета адзначаўся ў паўсюдным Касцёле ў 27-ы раз.
На пачатку біскуп Кашкевіч благаславіў запаленыя грамнічныя свечкі, пасля чаго адбылася працэсія са свечкамі.
У прамоўленай на Імшы гаміліі іерарх звярнуў увагу на тое, што свята Ахвяравання Пана мае глыбокае тэалагічнае значэнне, бо падкрэслівае, што ўжо само прыйсце Сына Божага ў гэты свет і прыняцце Ім чалавечай натуры былі ахвярай, значыць выразам бескарыслівай і незаслужанай любові Бога да чалавека.
«Дзіцятка Езус, якому хіба толькі сорак дзён ад нараджэння, ужо здзяйсняе сваё першае падарожжа ў Ерузалем. Гэтае першае падарожжа прадказвае апошняе, калі Сын Божы прыбудзе ў Святы горад, каб прынесці ў ахвяру самога сябе», — сказаў біскуп. Ён дадаў, што ў гэтым апошнім выпадку мы ўбачым Езуса не ў святыні, не ў абдымках Маці і святога старца Сімяона, а на Галгоце, па-за мурамі горада, у цвёрдых абдымках крыжа, і спадарожнічаць Яму будуць асуджаныя на смерць злачынцы.
Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі заахвоціў прысутных маліцца за кансэкраваных асоб — законнікаў і законніц, — якія, падобна як Сімяон і Ганна, ахвяруюць сваё жыццё на выключнае служэнне Пану Богу, служачы Касцёлу.
«Няхай яны будуць прарокамі нашых часоў. Няхай дапамагаюць нам сустрэць і распазнаць Хрыста, які да нас прыходзіць, каб мы здолелі прыняць Езуса як праўдзівае святло ў нашым жыцці, каб здолелі верна ісці за Яго святлом шляхам да вечнасці», — пажадаў біскуп Кашкевіч.