Пошук

19.01.2023 13:08   кс. Андрэй Кеўліч / Catholic.by
Фота кс. Андрэя Кеўліча

18 студзеня, падчас пастырскай сустрэчы духавенства і кансэкраваных асоб Магілёўскага і Бабруйскага дэканатаў, што прайшла ў Горках, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB патлумачыў сітуацыю з касцёлам у Бабруйску, якая шмат абмяркоўвалася ў апошні час.

Іерарх, між іншым, паведаміў: «Рыма-каталіцкая парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў горадзе Бабруйску не з’яўляецца ўласнікам адзінага дзеючага касцёла ў гэтым горадзе. Па гэтай прычыне яна атрымала пастанову ад выканкама Ленінскага раёна горада Бабруйска, што з 1 студзеня 2023 года неабходна заключыць дамову аб арэнднай плаце за тыя памяшканні, якімі карыстаецца парафія для сваіх мэтаў, паколькі бязвыплатнае карыстанне гэтымі памяшканнямі больш немагчымае паводле заканадаўства. За памяшканні прыбудаванага будынку былога „Бобруйскстройкомплекс“, якімі парафія не карыстаецца, арэнда выплочвацца не будзе.

Пасля падліку арэндаванай плошчы, бабруйская парафія падпіша дамову з уласнікам будынку на мінімальны тэрмін у шэсць месяцаў, каб плаціць арэнду, і будзе чакаць распараджэння ўладаў аб перадачы касцёла ў бязвыплатнае карыстанне.

Тая самая працэдура была здзейснена ў адносінах да магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава, дзе парафія больш за год аплочвала будынак касцёла, гаража і прылеглай тэрыторыі, а потым атрымала вышэйзгаданыя аб’екты на пяць гадоў у бязвыплатнае карыстанне.

Наступным крокам стане просьба аб перадачы ва ўласнасць будынку касцёла, які быў пабудаваны і адрамантаваны каталіцкімі вернікамі горада Бабруйска і шматлікімі дабрачынцамі парафіяльнай супольнасці», — сказаў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Абноўлена 19.01.2023 13:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа