16 студзеня ў цэнтры Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Ляскоўцы, што пад Мінскам, адбылася чарговая сустрэча ў межах праекту, скіраванага на ўзмацненне кампетэнцыі кансэкраваных асоб.
Гэты ўнікальны праект распачаўся ў верасні, і чарговая, ужо пятая сустрэча была акурат пасярэдзіне першага навучальнага года. У першай палове дня заняткі для братоў і сясцёр вёў кандыдат эканамічных навук, распрацоўшчык сістэм стратэгічнага і аперацыйнага мэнэджмэнту Андрэй Каралёў.
Удзельнікі адукацыйнай праграмы абмеркавалі вынікі выканання хатняга задання па кампанентах стратэгіі. Пасля інтэнсіўнай працы ў камандах іх прадстаўнікі падалі сваё разуменне існуючых місій, бачання, каштоўнасцяў і стратэгічных мэт манаскіх ордэнаў на ўзроўні генеральных дамоў, правінцый, структур і супольнасцяў у Беларусі.
Такая мэтанакіраваная камандная праца будзе садзейнічаць фармаванню ўдзельнікамі праграмы атрыбутаў будучых сацыяльных праектаў.
Пасля перапынку на абед прафесійны коўч, кандыдат сацыялагічных навук дацэнт Уладзімір Глушакоў правёў другую частку семінара. Пачалася яна незвычайна: са старой францішканскай малітвы.
Працуючы камандамі, удзельнікі на шэрагу канкрэтных прыкладаў разгледзелі пытанні псіхалогіі камунікацый у жыцці супольнасці і фактары, якія ўплываюць на мікраклімат у ёй.
Вялікім адкрыццём для ўдзельнікаў стала абмеркаванне пытання аб адрозненнях мужчынскага і жаночага падыходаў, што з’яўляюцца наступствам фізіялагічных адрозненняў. На падставе навуковых дадзеных удзельнікі змаглі вылучыць і абгрунтаваць узаемадапаўняючыя ролі, якія лепш узяць на сябе мужчынам і жанчынам пры каманднай працы.
Дыскусійнай стала тэма выпрацоўкі персанальнай Звышмэты, якая адказвае на два найважнейшыя пытанні ў жыцці: «Для чаго і дзеля каго я жыву?» Коўч прывёў прыклады сваіх жыццёвых прынцыпаў і сваёй Звышмэты. У завяршэнне вучобы ўдзельнікі правялі трэнінг па тэме «Фармаванне і кіраванне камандамі».
Па водгуках шэрагу ўдзельнікаў, спалучэнне тэарэтычных ведаў з абмеркаваннем практычных прыкладаў і сітуацый, а таксама трэнінгавых момантаў дазваляюць хутка фармаваць новыя, неабходныя для служэння кампетэнцыі.
Сустрэча завяршылася супольнай Эухарыстыяй.