Пошук

05.01.2023 10:20   Паводле: Дэканат Іўе / Вк / Catholic.by

Па дарозе з Ліпнішак на Ліду па правым баку размяшчаюцца мясцовыя могілкі. Увагу кожнага, хто едзе ў гэтым кірунку, прыцягвае невялічкая драўляная капліца з незвычайнай гісторыяй.

Ёй прысвечана публікацыя на старонцы ў сацыяльнай сетцы Вк Дэканат Іўе.

Старэйшыя мясцовыя жыхары яшчэ памятаюць, што калісьці капліца стаяла ў суседніх Зыгмунцішках і з’яўляецца апошнім сведкам старадаўняй Зыгмунцішскай парафіі.

У XV стагоддзі Ліпнішкі не былі самастойнай парафіяй і ўваходзілі ў склад Зыгмунцішскай, якая існавала з 1411 года. Па фундацыі вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча там была ўзведзена драўляная святыня. Дарэчы, у той час вёска называлася не Зыгмунцішкі, а Старыя Геранёны. З часам, каб не блытаць з Геранёнамі Мураванымі (цяпер Геранёны) і Геранёнамі Драўлянымі (цяпер Суботнікі), вёска атрымала сваю сучасную назву.

Кароль Жыгімонт III Ваза ў 1623 годзе павялічыў землі касцёла і, магчыма, адбудаваў новую святыню. Дакладна невядома, колькі яна праіснавала.

Вядома толькі тое, што староста Ліпнішскі Казімір Нестар Сапега, генерал літоўскай артылерыі, у 1779 годзе пабудаваў у Зыгмунцішках новы касцёл.

Аднак ужо з 1728 года касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла адзначаўся як філіяльны Ліпнішскай парафіі. Парафія ў Зыгмунцішках перастала быць самастойнай. У Ліпнішках была ўтворана свая парафія і ўзведзена свая святыня.

У 1797 годзе Зыгмунцішскі касцёл адзначаны як «занядбаная капліца, без літургічных рэчаў і шатаў».

Кажуць, што мясцовыя жыхары захоўвалі ў ёй збожжа, як у свірне.

Імша тут цэлебравалася толькі адзін раз на год — у патранальнае свята святых апосталаў Пятра і Паўла 29 чэрвеня.

У 1926 годзе стан капліцы апісваўся як вельмі дрэнны: сцены нахіліліся, а абраз Маці Божай Ружанцовай быў знішчаны. У 1935 годзе бура сарвала дах.

Пасля гэтага ліпнішскі пробашч ксёндз Яраслаў Войдаг звярнуўся да біскупа з просьбай перанесці капліцу на парафіяльныя могілкі.

4 мая 1936 года капліца была перавезена на могілкі, дзе і знаходзіцца па сённяшні дзень. Намаганнямі меншых братоў капуцынаў, якія нясуць служэнне ў ліпнішскай парафіі, старадаўняя святыня ў апошнія гады была адноўлена, часам тут адбываюцца набажэнствы за памерлых.

 

Абноўлена 05.01.2023 11:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа