Пошук

26.12.2022 13:11   Паліна Ручан / Jan.by

Сёлета перад Калядамі беларускія каталіцкія скаўты традыцыйна даставілі Бэтлеемскае святло міру ў парафіі па ўсёй нашай краіне.

Удзельнікі акцыі, якой ужо не адзін дзясятак гадоў, распавялі пра свае ўражанні на сайце мінскай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ ў Мінску Jan.by.

Валерый Шымак, шэф зграі ваўчанят (групы малодшых скаўтаў — Catholic.by):

«‎Мы, ваўчаняты, звычайна кіламетры не лічым: нашыя некалькі дзясяткаў кіламетраў у параўнанні са скаўцкімі тысячамі, як кажуць, надвор’я не зробяць.

Асноўны абавязак ваўчанят — разам з Божымі кароўкамі даставіць і ўрачыста ўнесці Бэтлеемскі агонь у галоўную святыню нашай архідыяцэзіі.

І тут без нас не абысціся, бо большасць скаўтаў і скаўтак знаходзяцца на маршрутах, і мы застаемся ў горадзе найбольш вялікай скаўцкай адзінкай. Звычайна нас разам з шэфамі збіраецца каля 30-і чалавек; у гэтым годзе трохі менш — каля 20-і, бо частка зграі хварэла.

Дарэчы, у гэтым годзе, як і ў мінулым, агонь у мінскай катэдры сустракаў арцыбіскуп Мітрапаліт Юзаф Станеўскі.

Таксама наша зграя разам з Божымі кароўкамі ўжо некалькі гадоў заносіць агонь у парафіі на Сухарава і Кальварыі. Ну і, канечне, мае гонар заносіць агонь урачыстай працэсіяй да нас, у родную каплічку.

Яшчэ двое шэфаў зграі дапамагалі коп’ям (скаўцкім адзінкам — Catholic.by) развозіць агонь міру і супакою па маршрутах Беларусі, праехаўшы разам з імі не адну сотню кіламетраў»‎.

Ірына Гардынец, шэф кола Божых каровак (малодшыя дзяўчаты ў скаўцкім руху — Catholic.by):

«‎Бэтлеемскі агонь — гэта вельмі прыгожы і кранальны сімвал надыходзячага Божага Нараджэння. Сімвал таго, што нават маленькая іскрынка можа ператварыцца ў палымнеючы агонь любові да Езуса і бліжніх.

І Божыя кароўкі, дзяўчынкі 8–11 гадоў, радасна, з захапленнем і шчырым жаданнем вязуць Бэтлеемскі агонь людзям.

Так, недалёка (у параўнанні з межамі агульнага распаўсюджвання), але я захапляюся, што яны прыходзяць у нядзелю зранку, калі можна было б паспаць даўжэй. Яны хочуць прыняць удзел у акцыі, дапамагчы, паказаць сваё жаданне і ахвоту служыць з усмешкай і радасцю»‎.

Андрэй Рамашка, звязовы 1-га Мінскага звяза святога Яна Паўла ІІ:

«‎У гэтым годзе скаўты нашага звяза праехалі з Бэтлеемскім агнём больш за 2400 кіламетраў, наведалі каля 30 парафій, перажылі класныя прыгоды і больш зведалі нашу Беларусь.

Суботнім ранкам з Мінска раз’ехаліся ў розныя бакі чатыры кап’і: Арол паляцеў на Гомель, Сокал — на Мазыр, Крумкач быў на паўночнай Беларусі (дзе ўпершыню перадаў Бэтлеемскі агонь Полацкай зграі ваўчанят). А Бабёр быў блізка ад Мінска — Узда, Капыль, Клецк і Нясвіж. Кожнае кап’ё перажыло свой маршрут унікальна: хтосьці атрымаў шмат цукерак, хтосьці шпацыраваў з керасінкамі і святаром познім вечарам на заснежаным беразе Лукомскага возера, хтосьці каля 100 кіламетраў цягнуў машынай на буксіры аўто, якое зламалася, хтосьці, пакуль ехаў, знайшоў сабе яшчэ адзін пункт маршрута, дзе быў вельмі гасцінна прыняты. А тыя, у каго не атрымалася паехаць на маршрут, былі вечарам у катэдральным касцёле падчас сустрэчы агню Мітрапалітам Юзафам.

У нядзелю Бэтлеемскае святло развозілі па Мінску і бліжэйшых ваколіцах; пры гэтым упершыню скаўты ўнеслі яго ў Хрысціянскі сацыяльны цэнтр, у парафіі ў Ждановічах і Зялёным Лузе.

Усюды скаўтаў сустракалі ветліва, з радасцю і чаканнем, частавалі гарбатай, часамі абедам або вячэраю.

Фіналам можна назваць візіт скаўтаў з Бэтлеемскім агнём на плябанію касцёла святых Сымона і Алены увечары аўторка.

Пасля малітвы хлопцы былі запрошаныя на гарбату. Цікавы факт: там, на плябаніі, цяпер гараць два агні: адзін быў прывезены ў гэтым годзе, а другі, запалены звязам у мінулым, — пратрываў праз увесь год, па словах пробашча, яны будуць гарэць так прынамсі да Грамніц»‎.

 

Анастасія Вайткевіч, звязовая 2-га Мінскага звяза святой Барбары:

«‎У гэтым годзе арганізацыя дастаўкі Бэтлеемскага агню была для мяне крыху іншай, асаблівай, таму што я адказвала за яе ўжо не як кап’явая, а як звязовая. Цікавы вопыт. Сёлета наш звяз у складзе чатырох коп’яў адправіўся па маршрутах у чатырох напрамках.

Усяго дзяўчаты праехалі 1429 кіламетраў і падарылі святло радаснага чакання нараджэння Хрыста 24 парафіям! Для нас вялікі гонар несці гэтае служэнне!»‎

Маргарыта Капуста, шэф вогнішча маладых правадніц:

«‎Маршрут вогнішча быў такім, як і ў мінулым годзе, толькі абнавіўся склад удзельніц акцыі.

Пры падрыхтоўцы маршрута я заўважыла цікавую рэч: на мапе пракладзены шлях мае форму сэрца. Гэта мяне вельмі ўразіла.

Першапачаткова з-за адсутнасці транспарту і маёй загружанасці на працы маршрут мы былі вымушаны падзяліць на два дні: 17-га і 18-га снежня.

Дзяўчаты падзяліліся думкамі, што ў гэтым годзе больш адчулі велічнасць моманту перадачы агню, цеплыню, гарачыя і адкрытыя сэрцы парафіянаў і святароў. А я ў сваю чаргу ў гэтым годзе шмат займалася пытаннямі зменаў і дапаўненняў у графіку, вырашэннем неспадзяванак і затрымак.

Я ўдзельнічаю ў акцыі не першы раз.

Справа цікавая, не без клопату, але гэта ўсё варта таго, каб людзі з розных куткоў нашай краіны былі аб’яднаныя святлом Міру»‎.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.