Пошук

23.12.2022 16:29   Catholic.by
Фота Віктара Ведзеня

Старшыня Камісіі агульнага душпастырства пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч звяртаецца з пастырскім словам з нагоды ўрачыстасці Нараджэння Пана.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

МАРАНА-ТА — ПРЫЙДЗІ, ПАНЕ ЕЗУ, І АЗДАРАВІ НАС

Слова на Божае Нараджэнне 2022 года

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Божае Нараджэнне — гэта, бадай што, найбольш папулярнае свята, спалучанае з народнымі традыцыямі і вясёлымі калядкамі.

Біблійная гісторыя чалавецтва з першародным грахом і збаўленнем паказвае, што народжанае ў Бэтлеемскіх яслях Немаўлятка з’яўляецца доўгачаканым Месіяй.

Гэтую праўду падкрэсліваюць чытанні, якія Касцёл прапануе нашай увазе падчас літургічнага перыяду Нараджэння Пана.

2. У Рымскай імперыі перыядычна праводзіўся перапіс жыхароў з мэтай вызначэння падаткаў, выяўлення вайсковаабавязаных і нашчадкаў Давіда, якія прэтэндавалі б на трон юдэйскага караля.

Таму перапіс насельніцтва (гл. Лк 2, 1–5)гэта не што іншае, як Божы Провід, згодна з якім Марыя і Юзаф пайшлі ў Бэтлеем — горад Давіда, дзе павінен быў нарадзіцца Збаўца як яго нашчадак, што прадказвалі прарокі. Марыя нарадзіла свайго першароднага Сына ў хляве і палажыла ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе (пар. Лк 2, 7). Таму яслі для кармлення жывёлаў сімвалізуюць духоўную ежу, якой ёсць Езус.

3. Паколькі Давід быў пастухом, то натуральна, што менавіта пастухі атрымалі прывілей першымі наведаць яго нашчадка — Божага Баранка, які бярэ на сябе грахі свету (пар. Ян 1, 29).

Праца пастухоў была такой, што, знаходзячыся далёка ад дома, яны не маглі рэгулярна ўдзельнічаць у малітвах у сінагозе. У сувязі з гэтым людзі іх часта лічылі не вельмі пабожнымі і нават грэшнікамі. Тым не менш, Езус выбраў акурат іх, каб падзяліцца з імі сваёй любоўю і паказаць, што Ён прыйшоў збавіць не толькі справядлівых, але і грэшнікаў. Пастухі выказалі сваю радасць і ўдзячнасць і абвяшчалі іншым тое, што пачулі і ўбачылі (пар. Лк 2, 17). Такім чынам яны сталі першымі сведкамі таямніцы ўцелаўлення Божага Сына.

Мы атрымалі прывілей быць хрысціянамі, таму і на нас ляжыць абавязак дзяліцца гэтым досведам з іншымі людзьмі і сваім жыццём абвяшчаць Евангелле.

4. «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан» (Лк 2, 10–11), — сказаў анёл пастухам. Словы радасць для ўсяго народа азначаюць, што Езус з’яўляецца Збаўцам не толькі юдэяў, але ўсіх людзей. Таму Яго збаўленне носіць універсальны характар і трывае вечна. Збаўца першага стагоддзя — гэта той самы Збаўца таксама стагоддзя дваццаць першага і наступных.

Анёлы прывіталі Нараджэнне Езуса словамі: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі» (Лк 2, 14). Іх спеў абвяшчае праўду аб тым, што сапраўдны супакой на зямлі даступны толькі тым, хто, выконваючы Божую волю, здольны Яго прыняць.

5. Якое пасланне нясе нам Божае Нараджэнне?

Найперш мы павінны зарэзерваваць у сваім сэрцы месца для Езуса. Божае Нараджэнне задае нам складанае пытанне.

Ці часам мы не зачыняем дзверы свайго сэрца перад Езусам, які шукае ў ім месца, каб нас адрадзіць духоўна?

Няма сэнсу быць сентыментальнымі з-за таго, што дзверы заездаў у Бэтлееме закрыліся перад Езусам, калі ў нашых сэрцах няма месца таму, які прыходзіць у Божым слове, Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтах; у патрабуючых, хворых, несправядліва пакрыўджаных, зняволеных, або калі мы практыкуем у нашым жыцці ідэю маральнай паліткарэктнасці ці можа нават маральнай баязлівасці, бо дзейнічаем па прынцыпе, што, маўляў, усе так жывуць і ўсе грашаць, дык чаму ж мы павінны адрознівацца ад іншых?..

У апошнія дні Адвэнту маці з маленькім хлопчыкам спяшаецца ад аднаго супермаркета да другога ў пошуку калядных падарункаў. Тыповы прыклад перадкаляднай шопінгавай ліхаманкі. Раптам яна заўважае, што яе сын знік і ў паніцы шукае яго. Нарэшце, знаходзіць пры яслях. Убачыўшы маму, хлопчык радасна крычыць: «Мама, мама, глядзі! Немаўлятка Езус на сене!» Мама, аднак, з відавочнай абыякавасцю да радасці і здзіўлення сына, нецярпліва адцягвае яго, кажучы: «Хадзем, у нас няма на гэта часу!» Парадокс: ёсць час для шопінгу і няма для Езуса, які прыходзіць. Таму святкаванне Божага Нараджэння з’яўляецца лакмусавай паперкай нашай веры.

Ад нас залежыць, як яно будзе перажыта і ў якой ступені мы дакранемся да яго сутнасці.

Духоўныя і сентыментальныя калядныя звычаі вельмі лёгка секулярызуюцца, калі іх адарваць ад таямніцы Богаўцелаўлення, у якой Найвышэйшы праявіў бясконцую любоў да чалавека.

Таму трэба ўважліва разважаць пра таямніцу Бэтлеемскіх ясляў, дзе нарадзіўся Бог-чалавек, каб навучыцца паважаць іншага чалавека.Перад намі выбар: жыць Евангеллем ці паддацца ўплывам секулярнага свету. Бог спаткаецца з тымі, хто Яго шукае. На жаль, чалавек эпохі постмадэрнізму замест таго, каб шукаць, адкідае. Мы жывем у супярэчнай духу Евангелля і годнасці чалавека культуры, што вядзе да крызісу фундаментальных чалавечых і маральных каштоўнасцяў. Ганарлівасць і самадастатковасць замыкаюць дзверы нашых сэрцаў перад Богам, які не можа ўвайсці ў нашае жыццё. Нездарма Папа Францішак кажа, што дзе зашмат нашага «я», там замала Бога.Таму мы павінны адкрыць дзверы для прыходзячага Збаўцы, а не адараваць саміх сябе. Нельга рабіць з Божага Нараджэння традыцыі без Бога. Святкаванне толькі дзеля святкавання не мае сэнсу, бо ў ім няма Езуса.

Далей, нам неабходна адчуваць у нашым жыцці прысутнасць Езуса як Эмануэля — гэта азначае Бога з намі. Сапраўднае значэнне Божага Нараджэння — гэта Эмануэль, Бог, які прыходзіць да нас, шукае нас, ідзе побач з намі, адкрывае сябе нам, прабачае, лечыць, суцяшае, дае маральную сілу і кіруе намі.

На жаль, не заўсёды так ёсць. Яшчэ ў далёкім 1969 годзе прафесар Ёзаф Ратцынгер, будучы папа Бэнэдыкт XVI, казаў, што мы не спасцігаем Бога таму, што з дапамогай амаральных задавальненняў лёгка ўцякаем ад саміх сябе і глыбіні сваёй сутнасці. Такім чынам становімся ўнутрана закрытымі для саміх сябе. Калі праўда тое, што чалавек бачыць толькі сэрцам, то мы з’яўляемся сляпымі.

Мы пакліканыя быць не сляпымі, але відушчымі, каб бачыць Бога і бліжняга.

Божае Нараджэнне — гэта асаблівае свята, бо нагадвае нам аб тым, што Бог ёсць з намі ва ўсіх жыццёвых абставінах, нават калі мы перажывем страх, самотнасць або смутак.

Таму мы не павінны губляць з поля зроку боскае святло, якое ажыўляе нашую надзею і нагадвае, што Бог таксама з’яўляецца як святло ў цемры і хоча ўвайсці ў нашыя справы і праблемы.

6. Ці мы ўсведамляем гэтую праўду ў штодзённым жыцці? Калі сутыкаемся з рознымі праблемамі, то да каго звяртаемся? Разлічваем толькі на свае сілы ці просім Божай дапамогі? Жывем згодна з Божай воляй ці сваёй?

Адказ на гэтыя і падобныя пытанні вельмі важны і заўсёды актуальны, асабліва ў наш час, калі ўсё больш людзей жыве так, як быццам Бог не існуе. Ідэалогія неабмежаванай псеўдасвабоды глыбока пранікла ў сучасны свет і стала новым крэда, новым вызнаннем веры.

Замест таго, каб верыць у Бога, чалавек верыць у самога сябе ў сваю ўсёдазволенасць. Лічыць сябе валадаром свету і жыве ідэяй антрапалагічнага нігілізму, паводле якога сам устанаўлівае нязгодныя з Божым законам маральныя нормы і вырашае, што ёсць дабро, а што — зло. Забываецца пра галоўны этычны прынцып усіх рэлігій: не рабі нікому таго, чаго не хочаш, каб іншыя табе рабілі.

У выніку свет перажывае шмат небяспечных крызісаў, якія ставяць пад пагрозу яго будучыню. Замест таго, каб аб’ядноўвацца і супольна вырашаць насутныя праблемы, ён падзяліўся. Ваенныя дзеянні ў шматлікіх краінах паказваюць крохкасць міру, які будуецца толькі чалавечымі намаганнямі без адносін да маральных прынцыпаў. Трэці год свет імкнецца выйсці з пандэміі каранавірусу, які пастаянна мутуе і, нягледзячы на гераічныя намаганні медыкаў і фармацэўтаў, далей пагражае чалавецтву. Як нябачны мікраскапічны вірус паставіў на калені ўсё чалавецтва, таксама і нябачны грэх нясе з сабой шмат бачных бедаў.

Амаральныя паталогіі сучаснасці, такія як крызіс сям’і і Божага дару жыцця, ідэалогія секулярызму і маральнага рэлятывізму, самавольная змена маральных нормаў, давер ілюзорным абяцанням шчаслівага жыцця і гэтак далей паказваюць, што свет перажывае эпоху грахоўнай пандэміі.

Між тым нашае асабістае жыццё павінна мець этычнае вымярэнне, бо маральны заняпад паасобнага чалавека вядзе да агульнаграмадскага заняпаду.

7. Хто можа нас вылечыць ад гэтай хваробы? Хто дасць патрэбную вакцыну? Хто дапаможа? Адзіны лекар — гэта Езус Хрыстус, і адзіная вакцына — гэта Ягоная гаючая ласка. Да Яго мы павінны звяртацца, каб не заблукаць у амаральным змроку сучаснасці. Яго слова павінна быць светачам нашым нагам і святлом нашай дарогі (пар. Пс 119 (118), 105). Таму нашае хрысціянства не можа быць дыстыляваным і нейтральным, без солі зямлі і святла свету (пар. Мц 5, 13–14).

Нельга ісць на кампраміс з секулярным і грэшным светам. Мы павінны слухаць Бога, а не дагаджаць прамінальнаму свету.

Нашыя продкі ў часы ваяўнічага атэізму захавалі веру. А што з намі? У часы, калі мы маем значна больш магчымасцяў жыць верай, адмаўляемся ад яе. Наша місія не толькі жыць згодна з духам Евангелля, але таксама не дазволіць, каб ён выпарыўся з нашага жыцця, і наступіла эрозія веры.

Няшмат зменіцца пасля святаў Божага Нараджэння. Застануцца маральныя, грамадска-палітычныя, эканамічныя, ідэалагічныя, фінансавыя, сямейныя і іншыя праблемы. На жаль, невядома, калі пачне дзейнічаць Чырвоны касцёл у Мінску, каб зноў стаць сучасным Бэтлеемам і месцам сустрэчы чалавека з Богам. Не завершыцца ў адзіны момант напружанасць у свеце, у тым ліку ваенныя дзеянні, якія руйнуюць не толькі гаспадарку і інфраструктуру, але таксама маральна і псіхалагічна нішчаць чалавека.

Аднак нягледзячы на ўсе паталогіі сучаснасці, мы павінны выйсці са свята Божага Нараджэння новымі, духоўна адроджанымі і ўмацаванымі праўдай Богаўцелаўлення, каб Божаю моцаю перамагаць зло і будаваць цывілізацыю жыцця, міру і любові.

Гэта магчыма толькі тады, калі дазволім Езусу сваёй любоў’ю і пакорай увайсці у рэчаіснасць нашага граху і зла.

Самай вялікай бядой чалавека з’яўляецца няздольнасць любіць. Той, хто любіць, можа выратаваць свет, прыкладам чаго з’яўляецца народжаны ў Бэтлееме Хрыстус.

8. Дарагія браты сёстры! Віншую вас з радасным і збаўчым святам Божага Нараджэння. Хрыстус нарадзіўся — Бог аб’явіўся!

Святочныя пажаданні скіроўваю іншым хрысціянам, якія разам з намі адзначаюць свята Нараджэння Хрыстова. Праваслаўным вернікам, якія перажываюць Піліпаўскі пост, жадаю выкарыстаць гэты час так, каб духоўна падрыхтавацца да свята Нараджэння Хрыстова. Віншую ўсіх людзей добрай волі.

Няхай Езус сваёй ласкай нараджаецца ў нашых сэрцах і праз нас у нашай Айчыне. Няхай прывядзе да справядлівага вырашэння ўсіх праблем і крызісаў у нашым асабістым жыцці і грамадстве. Няхай прынясе мір братняй Украіне і ўсяму свету.

У наш складаны час з яго выклікамі, адным з якіх з’яўляецца фізічная немагчымасць упершыню за апошнія тры дзесяцігоддзі цэлебраваць урачыстасць Божага Нараджэння ў Чырвоным касцёле ў Мінску, тым не менш, з надзеяй насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18), жадаю вернікам і ўсім людзям добрай волі радасных, поўных ласкі і спакою Бэтлеемскага Немаўляці святаў Нараджэння Хрыстовага і шчаслівага Новага, 2023 года.

Даручаючы ўсіх вас апецы Марыі — Маці Божага Сына — свае пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя ўсемагутнага Бога: Айца і Сына, і Духа Святога, і звычаем нашых продкаў дзялюся з вамі традыцыйнай аплаткай.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня Камісіі агульнага душпастырства
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 18 снежня 2022 года, IV нядзеля Адвэнту

Абноўлена 24.12.2022 09:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.