19 снежня ў катэдральную базыліку святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне прыбыў Агонь міру, запалены ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, прадстаўнікі польскага згуртавання скаўтаў ZHP урачыста перадалі агонь біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу. Звяртаючыся да ўсіх прысутных у гродзенскай катэдры, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, між іншым, адзначыў: «Гэты агонь нагадвае, што ўжо хутка мы будзем адзначаць поўныя радасці і хвалы святы Божага Нараджэння».
Іерарх падкрэсліў, што з гэтага святла, якое сімвалізуе Езуса Хрыста, «мы хочам чэрпаць святло для саміх сябе, для кожнай і кожнага з нас».
<...>
«Мы жадаем гэтае святло, якое ў нас ужо ёсць, перадаваць далей. Каб усё больш людзей было ахоплена гэтым святлом, якое ўпершыню заззяла на зямлі ў цудоўную ноч Божага Нараджэння», — дадаў біскуп.
Біскуп Кашкевіч заўважыў, што «ў нашы сённяшнія часы жаданнем кожнага чалавека з’яўляецца тое, каб разам з гэтым святлом нашыя дамы і сем’і, нашу краіну і ўвесь свет агарнуў доўгачаканы мір», «каб мы былі здольныя прабачаць адзін аднаму, падаваць руку, пазбягаць гневу і нянавісці, а думкі нашыя каб заўсёды былі поўныя дабрыні».
Біскуп заахвоціў вернікаў несці з гэтым агнём да сваіх блізкіх і знаёмых радаснае пасланне міру і быць вестунамі Божай радасці.
«Няхай іншыя бачаць у нас людзей добрай волі, якіх Пан Бог упадабаў. Будзем абвяшчаць іншым самога Хрыста, які прыйшоў для таго, каб нас усіх адарыць супакоем», — сказаў біскуп Аляксандр Кашкевіч.