Пошук

19.12.2022 13:44   Тэкст: Алена Сцепановіч / Фота: Алёна Шаршунс / Catholic.by

17 снежня ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася святая Імша і аплаткавая сустрэча выпускнікоў, навучэнцаў і выкладчыкаў Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы з гэтай нагоды ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. На пачатку Эўхарыстыі дырэктар навучальнай установы ксёндз канонік доктар Ян Крэміс прывітаў усіх прысутных і выказаў словы падзякі арцыбіскупу за запрашэнне на святую Імшу у галоўную святыні архідыяцэзіі.

Іерарх, са свайго боку, таксама прывітаў прысутных у архікатэдральным касцёле дырэктара, выкладчыкаў, навучэнцаў і выпускнікоў Мінскага тэалагічнага каледжа.

«Сення важная падзея: збіраемся, каб дзяліцца сваім досведам, думкамі, выконваючы заклік Хрыста „Ідзі за Мною“», — сказаў арцыпастыр.

У гаміліі іерарх звярнуў увагу на сустрэчу з Хрыстом.

«Мы ідзем насустрач шчасцю, таму ідзем у горад Бэтлеем, дзе нарадзіўся наш Збаўца Езус Хрыстус. Кожны з нас вандруе верай, думкамі менавіта туды, дзе Бог уваходзіць у гісторыю чалавечага збаўлення з Паннай Марыяй: аб гэтым сведчаць пастушкі, мудрацы. Мудрацам паказалася зорка, але там яны ўбачылі, што Таго, хто трымае ўвесь сусвет, трэба трымаць на руках; Той, хто стварыў сонца, павінен быць сагрэты», — адзначыў іерарх. —

Бог прыходзіць, каб дакрануцца да дробязяў нашага жыцця. У нашым звычайным жыцці Бог робіць незвычайныя рэчы, — дадаў арцыбіскуп Станеўскі.

На заканчэнні святой Імшы ксёндз дырэктар прадставіў выкладчыка па спецыяльнасці «касцёльны сурдаперакладчык» ксяндза магістра Яна Кузюка.

Арцібіскуп Станеўскі падзякаваў святару за згоду заняцца выкладчыцкай дзейнасцю, а таксама тым, хто пажадаў навучацца па спецыяльнасці «касцёльны сурдаперакладчык».

«Евангелізацыя павінна дайсці да ўсіх, нават да тых, хто не можа чуць, але слухае сэрцам», — заўважыў арцыпастыр.

Пасля Імшы навучэнцы першага курса каледжа прадставілі міні-спектакль, суправадзіўшы свой выступ спевам.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі благаславіў аплаткі, а навучэнцы павіншавалі сваіх выкладчыкаў з надыходзячым святам, пасля чаго ўдзельнікі сустрэчы дзяліліся аплаткамі і абменьваліся святочнымі пажаданнямі.

Сустрэча завяршылася супольным пачастункам.

 

Абноўлена 19.12.2022 13:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.