Пошук

25.11.2022 11:51   Catholic.by

АДКРЫВАЦЬ ЗНАКІ ЧАСУ,
ЯКІЯ ЎКАЗВАЮЦЬ НА ПРЫЙСЦЕ ХРЫСТА

Пасланне
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
Арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
на
Першую нядзелю Адвэнту 2022 года

Дарагія браты і сёстры!

«Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму»
(Мк 1, 3).

Гэтымі словамі Касцёл звяртаецца да сваіх вернікаў на пачатку новага літургічнага года. З гэтым заклікам у свой час звярнуўся святы Ян Хрысціцель да выбранага народа перад пачаткам публічнай дзейнасці Езуса Хрыста. Адвэнт — напамін аб тым часе ў гісторыі, калі Хрыста людзі не ведалі, калі яны жылі збянтэжанымі і чакалі Яго прыйсця.

З нараджэннем Хрыста быў пакладзены пачатак новай эпохі.

Адвэнт — гэта час чакання і падрыхтоўкі да ўрачыстасці Нараджэння Езуса Хрыста і да Яго з’яўлення ў канцы часоў.

Папа Францішак навучае, што: «[Бог] прыйшоў у дакладны гістарычны момант і стаў чалавекам, каб узяць на сябе нашыя грахі: Ён прыйдзе напрыканцы часоў як суддзя ўсяго, а таксама прыходзіць кожны дзень, каб адведаць свой народ, адведаць кожнага чалавека, які Яго прымае ў слове, сакрамэнтах, братах і сёстрах».

Гэты новы Адвэнт з’яўляецца новай магчымасцю і новым выклікам. Сёння мы можам спытаць сябе: чаго я чакаю ў сваім жыцці? Магчыма, у маім жыцці я больш нічога не чакаю. У мяне ёсць свой гатовы план на будучыню, і гэтага здаецца мне дастатковым. Такая сітуацыя можа стаць праблемай, таму што, калі я не чакаю нічога новага ў сваім жыцці, мне нічога не трэба ад іншых людзей і, нарэшце, мне не трэба нічога ад Бога. Для кожнага, хто адкрывае сваё сэрца для Хрыста, Бог у Адвэнце падрыхтаваў штосьці нечаканае.

У сённяшняй Літургіі Слова ў Евангеллі Езус узгадвае часы Ноя, калі толькі невялікая колькасць выбраных была збаўленая. Наш свет цяпер шмат у чым нагадвае дні Ноя: эгаізм, перавага цялесных прыемнасцяў, несправядлівасць і грэбаванне правамі іншых…

Аднак цяпер Бог выбірае іншыя інструменты, каб навучаць і выхоўваць людзей.

Кожная вясёлка на небе пасля дажджу нагадвае нам, што Бог не з’яўляецца дэспатычным Валадаром, які патрабуе бяздумнай паслухмянасці ад тых, хто ад Яго залежыць. У самых разнастайных выпадках жыцця наш Нябесны Айцец прапануе шырокія перспектывы для развіцця чалавека.

Чалавецтва можа ганарыцца вялікімі навуковымі дасягненнямі: мы ўмеем прагназаваць надвор’е, рыхтавацца да землятрусаў, углядацца ў далячыні космасу… На жаль, мы не прыкладаем столькі ж намаганняў, каб зразумець знакі, якія дае нам Бог. Гэтыя знакі датычацца нашага збаўлення, таму яны важнейшыя за ўменне распазнаваць прыродныя катаклізмы. Святое Пісанне вучыць нас мудрасці разумець знакі прыйсця Езуса Хрыста да нас.

У мінулым было шмат людзей, які спрабавалі пужаць іншых «канцом свету». У сённяшнім Евангеллі Езус выразна кажа, што Бог не хоча аб’яўляць, калі Ён закрые кнігу гісторыі.

Хрыстус запрашае нас вучыцца адкрываць знакі прыйсця Пана ў гісторыі нашага асабістага жыцця. Кожны раз, калі мы адчуваем прысутнасць Хрыста ў нашым жыцці, мы можам абвяшчаць іншым людзям асалоду сустрэчы з Божым Сынам. Не трэба баяцца, калі свет не зразумее нашага евангельскага энтузіязму. Так было ў часы Ноя, калі яго асяродзе мела сэрца, закрытае на Бога, і не разумела, чаму ён будаваў каўчэг.

Дарагія бацькі, браты і сёстры! Калі вы расказваеце пра Хрыста, вы робіце вялікія рэчы.

Сёння разам з вамі я дзякую Богу за тых, хто распавядае іншым пра Хрыста і прываблівае Яго асобаю. Атрымліваючы ласкі ад Бога, давайце не будзем забываць распявадаць іншым пра тое, што робіць для нас Бог.

Калі мы хочам учыніць гэты Адвэнт асаблівым часам узмацнення веры, Касцёл заахвочвае нас да разнастайных практык. Давайце ў гэтыя дні ўважліва слухаць голас Бога, чытаючы і разважаючы над Святым Пісаннем. Падчас Адвэнту мы можам прысвяціць больш часу асабістай і супольнай малітве.

Прыгожай традыцыяй у нашых парафіях стаў удзел у Раратніх святых Імшах — Імшах у гонар Дзевы Марыі, на якія мы перад світаннем збіраемся са свечкамі ў руках. На адпаведны лад пакліканы настроіць вернікаў удзел у рэкалекцыях, якія ў гэтыя дні будуць праходзіць у парафіях.

Хоць перыяд Адвэнту не мае пакаяннага характару, але ў нашым мясцовым Касцёле замацавалася традыцыя браць на сабе ў гэты час пастановы адмаўляцца ад усяго таго, што забірае ў нас сілы і час, адцягваючы ад галоўнага — ад засяроджанасці на Хрысце. Варта зразумець, што наша адвэнтавае чаканне не можа быць пасіўным і характарызавацца абыякавасцю, духоўнай лянотай, згодай на кампраміс са злом. Такое стаўленне сведчыла б пра неразуменне сутнасці Адвэнту.

Радасць Адвэнту — гэта не проста весялосць ад падрыхтоўкі да святаў, а перадусім радасць вызвалення, чування, гатоўнасці да рэальнага і чаканага другога прыйсця любімага і любячага Збавіцеля. Калі Адвэнт — гэта не тэорыя, не фальклор, не сентыментальны пабожны звычай, то яго варта ўспрымаць як заклік Касцёла, каб адумацца, выправіцца, перамяніцца да лепшага.

Сэнс гэтага перыяду літургічнага года ў тым, каб годна падрыхтаваць сябе да свята прыйсця Збаўцы, а потым з чыстым сумленнем і са шчырай радасцю сустрэць Божае Нараджэнне.

Новы душпастырскі год мы распачынаем пад дэвізам: «Апостальства свецкіх — знак надзеі для Касцёла ў Беларусі». Прадметам нашага клопату і разважанняў будзе ўсведамленне ролі свецкіх людзей у Касцёле, што мае паспрыяць таму, каб Касцёл ведаў, чым жывуць яго вернікі і якой душпастырскай апекі яны патрабуюць. Няхай новы літургічны і душпастырскі год паспрыяе ажыўленню рэлігійнага жыцця нашых парафій.

Дарагія браты і сёстры! Адчынім Езусу дзверы нашага сэрца, дазволім Яму ўвайсці ў яго і здзейсніць там цуд унутранай перамены. Запалім жа нашыя сэрцы падчас сёлетняга Адвэнту ласкай ад Пана і з гэтым святлом пойдзем туды, дзе пануе цемра, каб цеплынёй любові да Бога сагрэць свет, скаваны льдом грахоўнасці.

Падрыхтуем дарогу Пану, простымі зробім Яму сцежкі да нашых сэрцаў ужо на пачатку Адвэнту!

На плённае перажыванне святога часу чакання на прыйсце Збаўцы, Адвэнту, даручаючы ўсіх нас апецы Багародзіцы Марыі, ад шчырага сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 22 лістапада 2022 г., успамін святой Цэцыліі

P.S. Душпастырам належыць абвясціць гэты ліст вернікам у Першую нядзелю Адвэнту, 27 лістапада 2022 г.

Абноўлена 25.11.2022 11:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця