Пошук

09.11.2022 11:11   pcd.by

Паведамленне
біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі
з нагоды 30-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін
паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам

Да ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі

«Ідзіце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню»
(Мк 16, 15)

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

11 лістапада 2022 года наша краіна адзначае 30-годдзе ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам. Папа Ян Павел ІІ 11 лістапада 1992 года выдаў Апостальскі ліст Quantam tandem у форме брэвэ аб заснаванні і адкрыцці Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь.

Для Касцёла ў нашай краіне, і ў прыватнасці для Пінскай дыяцэзіі, гэта азначае, што ў Беларусі нясе паўнамоцнае служэнне Апостальскі нунцый як афіцыйны, паўнамоцны і непасрэдны прадстаўнік Святога Айца на нашай зямлі.

Сёння Апостальскім нунцыем у Беларусі з’яўляецца Арцыбіскуп Антэ Ёзіч, які паходзіць з Харватыі. У цэнтры нашай сталіцы, горадзе Мінску, дзяржаўнымі ўладамі Беларусі было выдзелена месца, дзе Святы Пасад пабудаваў сядзібу свайго дыпламатычнага прадстаўніцтва.

Таксама Рэспубліка Беларусь, дзякуючы ўсталяваным 30 гадоў таму афіцыйным дыпламатычным адносінам, мае свайго паўнамоцнага пасла пры Святым Пасадзе. Цяпер гэтыя абавязкі выконвае спадар Сяргей Алейнік.

Дзякуючы адносінам такога высокага ўзроўню, у асобе Апостальскага нунцыя мы маем непасрэдны і цесны кантакт са Святым Айцом Францішкам, а Папа — з нашай краінай. Гэта дазваляе Касцёлу ў Беларусі і ўсяму беларускаму грамадству на належным узроўні знаёміцца з актуальнымі падзеямі паўсюднага Касцёла і пасланнямі Пантыфіка, прыслухоўвацца да яго парадаў і заклікаў.

Дзякуючы пастаяннаму прабыванню Апостальскага нунцыя ў нашай краіне, вернікі Каталіцкага Касцёла і ўсе жыхары нашай краіны маюць магчымасць больш цесна ўзаемадзейнічаць са Святым Пасадам у справе абвяшчэння Хрыстовага Евангелля і ўмацавання традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў, а таксама ў лучнасці са Святым Айцом разам будаваць шчаслівую будучыню нашага грамадства і кожнага чалавека.

Няхай гэтая круглая дата будзе для нас нагодай, каб узнесці да Бога малітву падзякі за служэнне Апостальскага нунцыя ў нашай краіне, а таксама прасіць Міласэрнага Пана аб шчодрых ласках для Святога Айца Францішка.

З пастырскім благаслаўленнем,

✠Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 5 лістапада 2022 г.

Абноўлена 09.11.2022 15:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа