Лістападаўскі нумар часопіса «Ave Maria» ужо традыцыйна прысвечаны памяці пра памерлых і малітвам за іх. Акрамя таго, у ім асвятляюцца некалькі важных падзеяў, што адбыліся ўвосень у мясцовым Касцёле.
Анонс новага нумару змешчаны на сайце часопіса ave-maria.by.
У суботу 22 кастрычніка Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч усклаў палій на Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. Рэдакцыя часопісаў «Ave Maria», «Наша вера» і выдавецтва «Pro Christo» шчыра радуюцца гэтай падзеі.
14 і 15 кастрычніка шмат святароў і вернікаў сабралася ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Барунскай, каб адзначыць юбілейныя ўрачыстасці, прысвечаныя стагоддзю вяртання ў Баруны цудадзейнага абраза Суцяшальніцы засмучаных.
У часопісе змешчаны вялікі рэпартаж з гэтай падзеі.
У рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» ксёндз Андрэй Рылка разважае пра Божае прадвызначэнне ў жыцці чалавека і распавядае пра логіку Божай любові.
Айцец Юрый Кулай OCD у рубрыцы «Школа малітвы» тлумачыць, як святасць становіцца «знакам якасці» нашага жыцця.
Ксёндз Кірыл Бардонаў у рубрыцы «Старонка касцёльнага суддзі» распавядае пра тое, хто можа прымаць сакрамэнт намашчэння хворых.
У лістападзе вернікі асаблівым чынам моляцца за памерлых. У гэтым нумары «Ave Maria» чытачы знойдуць інтэрв’ю з ксяндзом марыянінам Янам Чупрынскім МІС, які распавядае пра традыцыю малітвы за памерлых.
Іна Бігель падрыхтавала матэрыял пра гісторыю сялянкі Марыі Сімэ, якая жыла ў Аўстрыі і мела асаблівы дар-харызму — яе наведвалі душы з чыстца.
Таксама друкуецца ўрывак з кнігі сястры Анны Чайкоўскай WDC «Чысцец у зямным жыцці», якая выйшла ў выдавецтве «Pro Christo» e 2022 годзе. У лістападаўскім нумары — разважанне пра сэнс цярпення.
Кожны чалавек у пэўны момант сутыкаецца са смерцю дарагіх людзей, або праз гэта праходзяць нашы блізкія. Парады, якія прапануе Паліна Грыб, маюць на мэце дапамагчы справіцца з гэтым станам і перажыць страту.
Хутка распачнецца Адвэнт — перыяд радаснага чакання прыйсця Хрыста. Каб упрыгожыць і паглыбіць гэтае перажыванне, Паліна Грыб падрыхтавала для чытачоў часопіса Адвэнтавы каляндар з малітоўнымі інтэнцыямі на кожны дзень.
Смерць — гэта неад’емная частка жыцця, і пра гэта таксама добра ўзгадаць у лістападзе. На вокладцы нумара змешчаны малітвы аб добрай смерці.
Фатограф і вандроўнік Віктар Ведзень працягвае распавядаць пра аўтамабільную перэгрынацыю копій найбольш шанаваных абразоў Маці Божай з беларускіх санктуарыяў. Гэтым разам яны наведалі Нарач, Мядзел, Смалявічы і Міхалішкі.
У рэдакцыі часопіса «Ave Maria» заўсёды радыя бачыць водгукі чытачоў, іх допісы і сведчанні. Гэтым разам публікуецца аповед вернікаў парафіі святых Пятра і Паўла ў вёсцы Камень Валожынскага раёна пра іх парафію і прыгажосць, якую яны стварылі вакол касцёла і на могілках разам з пробашчам ксяндзом Уладзіславам Лазарам.