Пошук

04.11.2022 11:33   Тэкст: Паліна Ручан / Фота: Дар’я Стажок, Паліна Ташцімірава / Jan.by

23 кастрычніка ў капліцу парафіі святога Яна Евангеліста і святога Макісмільяна Марыі Кольбэ, што ў сталічным мікрараёне Кунцаўшчына, былі ўнесены рэліквіі святога Яна Паўла ІІ, папы.

Як паведамляецца на парафіяльным сайце Jan.by, гэты ўрачысты акт здзейсніў пробашч парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк. З гэтай нагоды ў парафіяльнай капліцы на святую Імшу сабралася шмат вернікаў.

На пачатку літургіі пробашч ксёндз Алег Шпець SChr нагадаў, што святы Ян Павел ІІ даўно ўшаноўваецца ў парафіі і абраны заступнікам шэрагу супольнасцяў, якія ў ёй існуюць.

Адна з суполак руху сужэнскай духоўнасці Equipes Notre Dame першая абрала Яна Паўла ІІ як узор для наследавання. Людміла Чаган, удзельніца суполкі, дзеліцца: «Вельмі шмат мудрасці ў словах Яна Паўла ІІ: ёсць над чым задумацца, ёсць да чаго імкнуцца. І ёсць на каго раўняцца». Людміла кажа, што словы Папы яе натхняюць і даюць пасілак для душы. Асабліва парафіянку кранае тое, што Ян Павел ІІ казаў сем’ям.

Пры парафіі дзейнічае школка для вернікаў рознага ўзросту, якая носіць імя святога Яна Паўла ІІ.

Вядома, што Ян Павел ІІ адрозніваўся асаблівай любоўю да моладзі. Караль Вайтыла заўсёды знаходзіў час і сілы, каб быць з ёю. Моладзевая супольнасць парафіі — душпастырства моладзі Хрыста (ДМХ) «Адзіныя сэрцам» — таксама захапілася асобаю святога Яна Паўла ІІ і абрала яго сваім заступнікам. «Нездарма ў літаніі да святога мы прамаўляем „сябра і выхаваўца моладзі“, — кажа Алеся Стэцкая. — Я сапраўды адчуваю гэта праз ДМХ».

Святы Ян Павел ІІ стаў блізкі і для скаўцкай супольнасці. Першая мінская дружына носіць імя святога Папы. Адзін з шэфаў дружыны, Андрэй Рамашка, кажа: «Ян Павел ІІ вядзе мяне, і я гэта заўважаю. Па-першае, мы абодва нарадзіліся ў маі. Па-другое, мая інтэграцыя ў нашу парафію распачалася з ДМХ „Адзіныя сэрцам“, якое яшчэ да майго прыходу абрала ў якасці заступніка гэтага святога. Па-трэцяе, цяпер я з’яўляюся звязовым звяза святога Яна Паўла ІІ. А прагляд фільма ў суботу яшчэ раз паказаў мне гэтага чалавека, і гэта дапамагло мне больш поўна перажыць унясенне яго рэліквій у нашую капліцу.

З прыкладу Яна Паўла хачу вучыцца яго адданасці Марыі, у маім сэрцы моцна гучыць, што святы Папа заўсёды быў цалкам адданы Багародзіцы»,

— кажа скаўт.

Любоўю і пашанай да святога Папы адзначаюцца таксама святары і сёстры законныя, якія нясуць служэнне ў парафіі.

Ксёндз Уладзімір Марушэўскі SChr сведчыць пра ўплыў Яна Паўла ІІ на ўласнае духоўнае жыццё: «Святы Папа з’яўляецца для мяне аўтарытэтам і выразным знакам вернасці пакліканню. З пазнавання яго асобы, жыцця і навукі чэрпаю натхненне для свайго жыцця і служэння. Нядаўна перачытваў фрагменты кнігі „Дар і таямніца“. Святы Папа прамовіў да мяне словамі з гэтай кнігі, якімі ў 1996 годзе, адзначаючы Залаты юбілей пасвячэння, звяртаўся да братоў у святарстве: „Любіце вашае святарства! Будзьце яму вернымі ажно да канца! Умейце ўбачыць у ім той евангельскі скарб, за які варта аддаць усё“ (пар. Мц 13, 44). Яго словы і прыклад з’яўляюцца сёння для мяне стымулам да вернасці», — дадае ксёндз Уладзімір.

«З моманту ўнясення рэліквій Яна Паўла ІІ ён яшчэ больш, фізічна, будзе з намі»,

— сцвердзіў ксёндз Алег Шпець. У нядзелю 30 кастрычніка, амаль напярэдадні ўрачыстасці Усіх Святых, пасля кожнай Святой Імшы вернікі парафіі мелі магчымасць асабіста ўшанаваць рэліквіі святога Яна Паўла ІІ.

Абноўлена 04.11.2022 11:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця